Пошук

Прэс-канферэнцыя ў Зале Друку Святога Пасада (9 ліпеня 2024 года) Прэс-канферэнцыя ў Зале Друку Святога Пасада (9 ліпеня 2024 года) 

Кардынал Грэк: хай слуханне дапаможа Касцёлу зразумець Божую волю

Незвычайнай “спартзалай для слухання” назваў Сінод Біскупаў кардынал Марыё Грэк на прэзентацыі рабочага дакумента Другой сесіі XVI Звычайнай генеральнай асамблеі Сінода Біскупаў. Прэс-канферэнцыя прайшла ў Зале Друку Святога Пасада 9 ліпеня 2024 года.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Генеральны сакратар Сінода Біскупаў адзначыў дынамізм, які характарызаваў працэс распрацоўкі Instrumentum Laboris, дзякуючы шматлікім справаздачам, атрыманым ад Біскупскіх Канферэнцый. (Пасля першай сесіі Сінода дакумент быў накіраваны ў мясцовыя Касцёлы для далейшых разважанняў). Ён паведаміў, што дакумент будзе суправаджацца тэалагічным дапаможнікам, закліканым паглыбіць некаторыя пытанні і дапамагчы дэлегатам лепш зразумець іх.

Кардынал Грэк ахарактарызаваў рабочы дакумент сесіі як "маляўнічы канцэрт розных галасоў” і "сапраўдную паліфанію". Ён падкрэсліў, што мэта Сінода – пачуць голас як Бога, так і народа Божага. Ён выказаў надзею, што гэты працэс слухання дапаможа Касцёлу распазнаць, што Бог хоча сказаць Касцёлу ў гэты гістарычны момант, каб “умацаваць місіянераў Евангелля, вылечыць раны чалавецтва і ўсяліць у сэрцы надзею”.

Іерарх закрануў таксама тэму жаночага дыяканату, заявіўшы, што яна не будзе разглядацца на наступнай сесіі Сінода, аднак тэалагічныя разважанні на гэтую тэму працягнуцца па даручэнні Папы. Францішак даручыў Дыкастэрыі веравучэння ў супрацоўніцтве з Генеральным сакратарыятам Сінода даследаваць гэтую тэму ў больш шырокім кантэксце служэння.

13 ліпеня 2024, 12:08