Кардынал Олерыш: рабочы дакумент стане каталізатарам дыскусіі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Кардынал Жан-Клод Олерыш патлумачыў, што новы дакумент заснаваны на справаздачы аб першай сесіі і водгуках, атрыманых ад Касцёлаў па ўсім свеце. Гэта тэалагічнае разважанне пра тое, што прагучала на першай сесіі. Ён падкрэсліў, што Instrumentum laboris з'яўляецца інструментам для стымулявання дыскусіі падчас Сінода, а не яго выніковым дакументам.
Тэмы місіі і эклезіялогіі
Іерарх адзначыў, што падчас кастрычніцкай сесіі будуць абмяркоўвацца такія важныя тэмы, як эклезіялогія і місія сінадальнага Касцёла. "Мы выконваем місію", - сказаў ён, падкрэсліўшы, што місія Касцёла, які складаецца з усіх ахрышчаных, заключаецца ў абвяшчэнні Евангелля свету. За апошнія тры гады не толькі дэлегаты Сінода, але і ўвесь Народ Божы, упэўніўся ў тым, “што ёсць плён сінадальнасці, і гэты плён неабходны для місіі”, - сказаў кардынал Олерыш.
Удзел і сумесная адказнасць свецкіх
Гаворачы аб ролі свецкіх вернікаў, Рэлятар падкрэсліў, што Касцёл – не клерыкальны, а належыць усім ахрышчаным: як мужчыны, так і жанчыны пакліканыя Богам абвяшчаць Евангелле і ўдзельнічаць у жыцці Касцёла. У абвяшчэнні Евангелля ўдзельнічаюць і нясуць сумесную адказнасць усе.
Роля жанчын
Адказваючы на пытанне аб ступені адказнасці свецкіх, Генеральны рэлятар пацвердзіў, што для Касцёла паміж мужчынамі і жанчынамі няма адрозненняў у тым, што тычыцца ўдзелу і сумеснай адказнасці ў Касцёле. Прыкладам такой інклюзіўнасці служыць дазвол жанчынам займаць свецкія пасады катэхізатараў, лектараў. “З'явілася роўнасць паміж жанчынамі і мужчынамі”, - адзначыў іерарх. Сінод аднак не будзе разглядаць пытанне аб жаночым святарстве, паколькі ён шырока не ўздымаўся, - растлумачыў іерарх.
У некаторых мясцовых Касцёлах абмяркоўвалася магчымасць жаночага дыяканата, існуе камісія для далейшага вывучэння гэтага тэалагічнага пытання. “Гэта частка працэсу, і не варта думаць, што ўсе працэсы завершацца на гэтым пасяджэнні Сінода. Касцёл будзе развівацца сінадальным чынам. Народ Божы будзе ісці сінадальным шляхам. І паўстануць пытанні, на якія трэба будзе адказаць”, - падкрэсліў кардынал Олерыш.
Супрацоўніцтва з іншымі хрысціянскімі Цэрквамі
Іерарх падкрэсліў важнасць сумеснага шляху з іншымі Цэрквамі і хрысціянскімі супольнасцямі, заснаванага на агульным хросце. “Мы бачым, што ў гэтых Цэрквах таксама дзейнічае Святы Дух. Таму задача евангелізацыі свету з'яўляецца агульнай задачай для ўсіх Цэркваў”, - падкрэсліў Олерыш. Ён адзначыў, што дэлегаты іншых хрысціянскіх канфесій на Сінодзе праявілі адкрытасць і імкненне да больш актыўнага ўдзелу.