Новы маршрут для сем'яў з дзецьмі па Ватыканскіх садах
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Маршрут прызначаны для сем'яў з дзецьмі ва ўзросце ад 6 да 12 гадоў. Прайсціся ім можна па папярэднім запісе кожную суботу да 26 кастрычніка 2024 года. Гіды праводзяць экскурсіі на італьянскай і англійскай мовах.
Дзеці адкрыюць для сябе зялёныя лёгкія Ватыкана пад кіраўніцтвам экспертаў у галіне батанікі і гісторыі мастацтва. Маршрут спалучае ў сабе прыроду, мастацтва і веру. Яны даведаюцца аб любімых месцах Пантыфікаў, якія шпацыравалі па Ватыканскіх садах, і навучацца пазнаваць як папскія гербы, так і расліны, якія сустракаюцца ў Святым Пісанні.
Запланаваны майстар-класы, гульні і мерапрыемствы, у тым ліку пошукі скарбаў і чарапах, якія жывуць у Ватыкане. Як гаворыцца ў прэс-рэлізе Ватыканскіх музеяў, гэта будзе “сапраўднае навучанне на свежым паветры, сумеснае развіццё ўсведамлення прыгажосці і абароны нашага агульнага дома”.
Маршрут таксама даступны для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Пасля экскурсіі можна будзе самастойна і без дадатковай платы наведаць Ватыканскія музеі.