Ватыканскія сады Ватыканскія сады  (Laura Lo Monaco)

Новы маршрут для сем'яў з дзецьмі па Ватыканскіх садах

Ватыканскія музеі пашырылі прапанову для сем'яў з дзецьмі. З мінулай суботы, 13 ліпеня 2024 года, у Ватыканскіх садах дзейнічае новы маршрут, мэтай якога – пазнаёміцца з прыгажосцю створанага свету ў духу энцыклікі Францішка Laudato si'.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Маршрут прызначаны для сем'яў з дзецьмі ва ўзросце ад 6 да 12 гадоў. Прайсціся ім можна па папярэднім запісе кожную суботу да 26 кастрычніка 2024 года. Гіды праводзяць экскурсіі на італьянскай і англійскай мовах.

Дзеці адкрыюць для сябе зялёныя лёгкія Ватыкана пад кіраўніцтвам экспертаў у галіне батанікі і гісторыі мастацтва. Маршрут спалучае ў сабе прыроду, мастацтва і веру. Яны даведаюцца аб любімых месцах Пантыфікаў, якія шпацыравалі па Ватыканскіх садах, і навучацца пазнаваць як папскія гербы, так і расліны, якія сустракаюцца ў Святым Пісанні.

Запланаваны майстар-класы, гульні і мерапрыемствы, у тым ліку пошукі скарбаў і чарапах, якія жывуць у Ватыкане. Як гаворыцца ў прэс-рэлізе Ватыканскіх музеяў, гэта будзе “сапраўднае навучанне на свежым паветры, сумеснае развіццё ўсведамлення прыгажосці і абароны нашага агульнага дома”.

Маршрут таксама даступны для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Пасля экскурсіі можна будзе самастойна і без дадатковай платы наведаць Ватыканскія музеі.
 

16 ліпеня 2024, 11:27