Паралін: неабходна перагледзець ідэю “справядлівай вайны"
Марыя Валодзіна - Vatican News
"Нават калі часам здаецца, што дыпламатычныя намаганні прыносяць мала вынікаў, мы ніколі не павінны паддавацца стомленасці або спакусе скарыцца”, - заявіў кардынал П'етра Паралін, выступаючы 2 ліпеня 2024 года на цырымоніі ўручэння літаратурнай прэміі паслоў, акрэдытаваных пры Святым Пасадзе. Прэмія, заснаваная ў 2019 годзе, прысуджаецца аўтарам кніг, напісаных на італьянскай мове на тэмы, якія тычацца культуры і хрысціянскіх каштоўнасцяў, адносін паміж хрысціянскімі цэрквамі і дзяржавамі, гісторыі рэлігіі і міжрэлігійных адносін. Сёлета ўзнагароду атрымаў журналіст італьянскай тэлерадыёкампаніі RAI П'ера Дамоса за кнігу Ці можа Касцёл спыніць вайну? Расследаванне праз 60 гадоў пасля Pacem in Terris (Può la Chiesa fermare la guerra? Un’inchiesta a sessant’anni dalla Pacem in Terris).
Энцыкліка Pacem in Terris служыць запаветам
Кардынал Паралін нагадаў аб паходжанні і гістарычным кантэксце, у якім з'явілася на свет энцыкліка Яна ХХІІІ. Ён падкрэсліў, што ўсеагульны мір – гэта дабро, якое тычыцца кожнага чалавека. Ён нагадаў пра радыёзварот, у якім у Вялікую суботу 13 красавіка 1963 года Ян XXIII казаў пра неабходнасць міру з Богам, з усімі народамі і ў сем'ях. Гэтая энцыкліка з’яўляецца запаветам, лічыць Дзяржсакратар. Праніклівыя словы тагачаснага Папы – гэта “спадчына, якую трэба захоўваць і памнажаць, і кожны нясе за гэта адказнасць”, адзначыў ён.
Паралін заклікаў да настойлівасці ў дыпламатычных намаганнях ва ўмовах цяперашніх канфліктаў у розных кутках свету, з перакананнем, што яны прынясуць плён.
Ён заклікаў да згуртаванасці, сінэргіі і супрацоўніцтва, каб стаць сапраўднымі міратворцамі, як заклікае Папа Францішак. Дзяржсакратар высока ацаніў кнігу П'ера Дамоса за тое, што яна “ставіць на першы план глыбокае імкненне да міру” і ўтрымлівае ўсебаковы аналіз праблемы міру.
Ідэя справядлівай вайны
Адказваючы на пытанне журналістаў пра канфлікты ва Украіне і на Блізкім Усходзе, кардынал Паралін падкрэсліў, што вайна ніколі не бывае справядлівай. Ён заявіў: "Мы ведаем, што сёння вядзецца шмат дыскусій пра канцэпцыю “справядлівай вайны, што гэта абарончая вайна. Але сёння, з тым узбраеннем, якое ёсць у нашым распараджэнні, становіцца вельмі цяжка рэалізаваць гэтую канцэпцыю, і я лічу, што канчатковай пазіцыі яшчэ няма, але гэтая канцэпцыя пераглядаецца".
Магчымасць далейшых абменаў палоннымі
На пытанне журналістаў пра прапанову прэм'ер-міністра Венгрыі аб неадкладным спыненні агню для таго, каб пачаць мірныя перамовы, Дзяржаўны сакратар адказаў так: "Наколькі я ведаю, да гэтага часу ўкраінцы заўсёды адхілялі такія прапановы". Ён нагадаў, што для ўкраінскага ўрада, у выпадку адсутнасці гарантый, "гэта можа быць усяго толькі паўзай, каб затым пачаць усё спачатку ў яшчэ больш грубай, жорсткай форме”. Аднак "мы вельмі спадзяемся, што дасягненне перамір'я магчымае, а затым пачнуцца і перамовы", - дадаў кардынал Паралін.
Што тычыцца абмену палоннымі, у якім Святы Пасад паспяхова выступіў пасярэднікам, Дзяржаўны сакратар лічыць, што могуць быць і іншыя вызваленні, “таму што гэта механізм, які працуе, у адрозненне ад механізму абмену дзецьмі, дзе задзейнічаны розныя рэальнасці”. У выпадку з палоннымі гаворка ідзе, па сутнасці, “аб абмене спісамі, якія перадаюцца двум бакам”. “Таму я мяркую, што гэтая дзейнасць будзе працягвацца, што, на мой погляд, вельмі пазітыўна і можа стварыць умовы, якія таксама будуць спрыяць міру і магчымым перамовам", - сказаў кардынал Паралін.