Пошук

Дыкастэрыя веравучэння Дыкастэрыя веравучэння 

Станоўчае рашэнне Дыкастэрыі адносна пасланняў у санктуарыі Мача

Дыкастэрыя веравучэння прыняла станоўчае рашэнне адносна духоўнага досведу, які перажыў настаўнік музыкі Джаакіна Джэнавэзэ ў італьянскай мясцовасці Мача, непадалёк ад Кома.

Марыя Валодзіна - Vatican News

24 ліпеня 2024 года Прэфект Дыкастэрыі веравучэння паведаміў аб гэтым у лісце да біскупа Кома, кардынала Оскара Кантоні. Тэкст ліста адобрыў Папа Францішак. Прызнанне духоўнага досведу ў санктуарыі Мача стала магчымым пасля ўступлення ў сілу новых правіл Дыкастэрыі аб прызнанні звышнатуральных з’яў.

У 2000 годзе Джаакіна Джэнавэзэ – настаўнік музыкі і рэгент хору, жанаты чалавек і бацька дзвюх дачок – пачаў адчуваць праз інтэлектуальныя аб’яўленні жывую прысутнасць таямніцы Найсвяцейшай Тройцы. Сур'ёзны і стрыманы чалавек, які ніколі не імкнуўся да вядомасці, Джэнавэзэ падзяліўся гэтым досведам з іншымі людзьмі, запрасіўшы іх да сумеснай адарацыі і малітвы. Пасля першапачатковага вывучэння запісаў маэстра Джэнавэзэ і ў больш шырокім сэнсе ўсёй гэтай з'явы тагачасны біскуп Кома Дыега Калеці прысвяціў у 2010 годзе парафіяльны касцёл, у якім адбыліся падзеі, Найсвяцейшай Тройцы Міласэрнасці.

У лісце кардынала-прэфекта Віктара Мануэля Фернандэса адзначаюцца некаторыя станоўчыя аспекты твораў Джэнавэзэ, у якіх гаворыцца пра цэнтральную ролю Тройцы як крыніцы міласэрнасці. Таямніца Тройцы часта выпускалася з-пад увагі ў тэалагічнай рэфлексіі і духоўнасці мінулых стагоддзяў, піша Фернандэс. Духоўны досвед Джаакіна Джэнавэзэ паўторна адкрывае цэнтральную ролю Тройцы для хрысціянскай веры і жыцця. "Касцёл пакліканы ўсё часцей адкрываць у жэстах Хрыста тую бясконцую міласэрнасць трыадзінага Бога, якая ў працах спадара Джэнавэзэ называецца Тройцай Міласэрнасці", - гаворыцца ў лісце кардынала Фернандэса.

Аднак ёсць і аспекты, якія патрабуюць удакладнення. Знайсці дакладныя словы для таго, каб выказаць таямніцу Найсвяцейшай Троіцы, нялёгка нават для самых вялікіх тэолагаў, гэта “тым больш складана, калі вы спрабуеце выказаць чалавечымі словамі тое, што перажываеце ў духоўным досведзе”, - гаворыцца ў лісце. У прыватнасці, выкарыстанне множнага ліку ("мы ўвасобіліся") адносна Тройцы з'яўляецца тэалагічна недакладнымі і можа быць успрынятае як супярэчнае вучэнню Каталіцкага Касцёла, улічваючы, што ўвасобіўся толькі Сын.

Кардынал Фернандэс прызнае, што сам Джэнавэзэ ўсведамляе недакладнасці ў сваіх працах, і што многія пазнейшыя яго творы ўтрымліваюць тлумачэнні, якія правільна ўзгадняюць яго духоўны досвед з каталіцкім веравучэннем. Падчас публікацыі анталогіі твораў Джаакіна Джэнавэзэ варта пазбягаць тэкстаў, якія змяшчаюць заблытаныя выразы, а любыя будучыя духоўныя пасланні павінны быць ацэнены біскупам Кома ў супрацоўніцтве з Дыкастэрыяй, гаворыцца ў лісце.

24 ліпеня 2024, 11:23