Пошук

Апостальскі палац. Ілюстрацыйнае фота Апостальскі палац. Ілюстрацыйнае фота  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Святы Пасад абнародаваў фінансавую справаздачу за 2023 год

Адміністрацыя маёмасці Апостальскай Сталіцы (APSA) апублікавала фінансавую справаздачу за 2023 год, згодна з якой прыбытак Святога Пасада склаў 45,9 мільёнаў еўра.

Марыя Валодзіна - Vatican News

На місію Францішка і Рымскай курыі было накіравана 37,9 мільёнаў еўра, што на 5,63 мільёна больш, чым у 2022 годзе. Актывы Святога Пасада павялічыліся на 7,9 мільёнаў еўра.

Па словах арцыбіскупа Джардана Пічыноці, старшыні Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, гэтыя вынікі былі дасягнуты без продажу нерухомасці і не закранаючы актывы Святога Пасада.

Інвестыцыі ў каштоўныя паперы прынеслі прыбытак у 27,6 мільёнаў еўра. Адміністрацыя маёмасці Апостальскай Сталіцы інвеставала ў аблігацыі з фіксаваным прыбыткам і іншыя фінансавыя актывы з нізкім узроўнем рызыкі і даказаным сацыяльным уплывам у адпаведнасці з сацыяльным вучэннем Касцёла.

У сферы нерухомасці ў маёмасці Святога Пасада знаходзяцца больш за 5000 аб'ектаў, большасць з якіх (92%) месціцца ў Рыме і правінцыі. Нерухомасць прынесла Апостальскай Сталіцы прыбытак у 35 мільёнаў еўра (пры аперацыйным даходзе ў 73,6 мільёнаў еўра).

Адміністрацыя маёмасці Апостальскай Сталіцы працуе над паскарэннем працэсу здачы нерухомасці ў арэнду. Быў уведзены новы рэгламент арэнды, які вызначае ўмовы і ўзаемныя абавязкі Святога Пасада і арандатараў, а таксама быў перагледжаны алгарытм разліку арэнднай платы. 19,2% нерухомасці Апостальскай Сталіцы здаецца ў арэнду па свабоднай рынкавай цане; 10,4% - па льготнай; 70,4% - без арэнднай платы.

У будучыні APSA плануе пашырыць сваю дзейнасць на кіраванне аб’ектамі нерухомасці іншых устаноў Святога Пасада.

29 ліпеня 2024, 14:18