Святы Пасад абнародаваў фінансавую справаздачу за 2023 год
Марыя Валодзіна - Vatican News
На місію Францішка і Рымскай курыі было накіравана 37,9 мільёнаў еўра, што на 5,63 мільёна больш, чым у 2022 годзе. Актывы Святога Пасада павялічыліся на 7,9 мільёнаў еўра.
Па словах арцыбіскупа Джардана Пічыноці, старшыні Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, гэтыя вынікі былі дасягнуты без продажу нерухомасці і не закранаючы актывы Святога Пасада.
Інвестыцыі ў каштоўныя паперы прынеслі прыбытак у 27,6 мільёнаў еўра. Адміністрацыя маёмасці Апостальскай Сталіцы інвеставала ў аблігацыі з фіксаваным прыбыткам і іншыя фінансавыя актывы з нізкім узроўнем рызыкі і даказаным сацыяльным уплывам у адпаведнасці з сацыяльным вучэннем Касцёла.
У сферы нерухомасці ў маёмасці Святога Пасада знаходзяцца больш за 5000 аб'ектаў, большасць з якіх (92%) месціцца ў Рыме і правінцыі. Нерухомасць прынесла Апостальскай Сталіцы прыбытак у 35 мільёнаў еўра (пры аперацыйным даходзе ў 73,6 мільёнаў еўра).
Адміністрацыя маёмасці Апостальскай Сталіцы працуе над паскарэннем працэсу здачы нерухомасці ў арэнду. Быў уведзены новы рэгламент арэнды, які вызначае ўмовы і ўзаемныя абавязкі Святога Пасада і арандатараў, а таксама быў перагледжаны алгарытм разліку арэнднай платы. 19,2% нерухомасці Апостальскай Сталіцы здаецца ў арэнду па свабоднай рынкавай цане; 10,4% - па льготнай; 70,4% - без арэнднай платы.
У будучыні APSA плануе пашырыць сваю дзейнасць на кіраванне аб’ектамі нерухомасці іншых устаноў Святога Пасада.