Святы Пасад у ААН: патрэбна больш справядлівая эканоміка
Марыя Валодзіна - Vatican News
3 ліпеня 2024 года арцыбіскуп Этарэ Балестрэра выступіў на 56-й чарговай сесіі Савета па правах чалавека, на якой разглядалася пытанне выкаранення галечы. Ён выказаўся ў падтрымку справаздачы Спецыяльнага дакладчыка, якая ставіць пад сумнеў эканамічную мадэль, заснаваную выключна на эканамічным росце, павелічэнні ВУП і максімізацыі прыбытку. Іерарх нагадаў словы Францішка аб тым, што такі падыход не спрыяе ўсебаковаму развіццю чалавека. Эканамічны рост хоць і прывёў да павелічэння дабрабыту, але таксама павялічыў няроўнасць, ствараючы новыя формы беднасці, адзначыў ён.
Арцыбіскуп Балестрэра падкрэсліў недахопы эканамічнай тэорыі прасочвання, згодна з якой эканамічны рост, які стымулюецца свабодным рынкам, непазбежна прывядзе да большай сацыяльнай справядлівасці. Ён адзначыў, што гэта ідэя аказалася ілжывай, паколькі тыя, хто пазбаўлены эканамічных выгод, працягваюць пакутаваць.
Дыпламат выступіў за ўсебаковую і інклюзіўную мадэль развіцця, якая ахоплівала б усе аспекты чалавечага жыцця, уключаючы такія асноўныя патрэбы, як харчаванне, адзенне, жыллё, медыцынскае абслугоўванне і адукацыю, адпачынак і сацыяльныя паслугі, каб забяспечыць дабрабыт і годнасць кожнага чалавека. Ён заклікаў палітычных лідараў і заканадаўцаў аб'яднаць намаганні, каб увасобіць у жыццё гэта цэласнае бачанне развіцця.
“Якую ролю, на вашу думку, павінны граць рэлігійныя арганізацыі не толькі ў змякчэнні наступстваў галечы, але і ў пабудове больш справядлівай эканомікі, заснаванай на павазе да чалавечай асобы і яе годнасці?” - спытаў удзельнікаў сесіі арцыбіскуп Балестрэра.