Візіт Галахера на Філіпіны: сустрэча з палітычнымі лідарамі
Марыя Валодзіна - Vatican News
Вітаючы арцыбіскупа Пола Рычарда Галахера ў прэзідэнцкім палацы Малаканьянг у Маніле, прэзідэнт Фердынанд Маркас сказаў: "Мы не проста каталіцкая краіна, мы – вельмі каталіцкая краіна". "Мы працягваем цесна супрацоўнічаць з Ватыканам ужо шмат гадоў", - дадаў ён.
Раніцай 2 ліпеня арцыбіскупа Галахера прыняў Міністр замежных спраў Рэспублікі Філіпіны Энрыке Манала. Дыпламаты абмеркавалі важныя для абодвух бакоў пытанні. Манала пацвердзіў цвёрдую прыхільнасць Філіпін падтрыманню міжнароднага парадку, заснаванага на правілах. Ён сказаў: "Мы прызнаем уклад Святога Пасада ва ўмацаванне міру, правоў чалавека і супрацоўніцтва ў мэтах развіцця ва ўсім свеце".
Арцыбіскуп Галахер адзначыў, што Святы Пасад надае асаблівае значэнне адносінам з Філіпінамі "у сувязі з вельмі значным укладам, які філіпінцы як католікі уносяць у дабрабыт Каталіцкага Касцёла і многіх нашых супольнасцей ва ўсім свеце". Філіпінскія католікі "з'яўляюцца выдатнымі пасланнікамі евангелізацыі і распаўсюджвання евангельскай Добрай весткі", - дадаў ён.
Ватыканскі дыпламат падкрэсліў, што прыярытэтамі для Святога Пасада ў цяперашні час "безумоўна, з'яўляюцца шматлікія, занадта многія канфлікты ў сучасным свеце і неабходнасць садзейнічання міру з дапамогай дыялогу і перамоў". "Мы лічым, што ў многіх з гэтых аспектаў Святы Пасад і Рэспубліка Філіпіны падзяляюць адны і тыя ж каштоўнасці, адзін і той жа погляд на рэчы, і таму мы, найбольш верагодна, зможам супрацоўнічаць і ў будучыні", - сказаў арцыбіскуп Галахер.