Юбілейная ініцыятыва: "Боская камедыя" ля плошчы святога Пятра
Марыя Валодзіна - Vatican News
Мерапрыемства праходзіць пад патранажам Дыкастэрыі па евангелізацыі і мэрыі Рыма.
На працягу чатырох вечароў, з 1 па 4 ліпеня 2024 года, у 21:00 на плошчы Пія XII насупраць каланады Берніні гледачы могуць пачуць чытанне і тлумачэнне ўрыўкаў Пекла. Чысцец і Рай будуць прадстаўлены ў 2025 годзе. Пастаноўка выконваецца пад музычнае суправаджэнне Эдаарда Разадзіні, які грае на альце.
На думку аўтара пастаноўкі, твор Дантэ адлюстроўвае агульначалавечы досвед, досвед “усіх людзей усіх часоў”. Па сваёй універсальнасці яго можна параўнаць з творамі Шэкспіра. Дантэ значна апярэджвае свой час і застаецца незвычайна сучасным і сёння. У ім разглядаюцца такія драматычныя тэмы нашай эпохі, як, напрыклад, магчымасць разбурэння свету.
"Ужо па назве камедыя можна здагадацца, што п'еса Дантэ – гэта твор адначасова паэтычны, філасофскі, але і ў вышэйшай ступені тэатральны, не толькі з пункту гледжання персанажаў, якія вядуць дыялог, але і з пункту гледжання тэатральнай думкі і дэкарацый. Апошняя сцэна Раю, амфітэатр у выглядзе беласнежнай ружы (Candida Rosa) уяўляе сабой вялікія абдымкі. Таму можна здагадацца, наколькі я ўсхваляваны перспектывай пастаноўкі п'есы бліз плошчы святога Пятра, для каланады якой Берніні абраў тую ж самую ідэю”, - адзначыў Франка Рыкордзі.