Пошук

Вярхоўны суд Вялікабрытаніі Вярхоўны суд Вялікабрытаніі 

Завяршыліся слуханні лонданскага працэсу па справе аб нерухомасці

18 ліпеня 2024 года ў Вярхоўным судзе Вялікабрытаніі завяршыліся слуханні па грамадзянскаму працэсу, ініцыяванаму фінансістам Рафаэле Мінчонэ па справе аб куплі-продажы нерухомай маёмасці ў Лондане з удзелам Дзяржаўнага сакратарыята Святога Пасада.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Судовае разбіральніцтва пачалося ў чэрвені 2020 года па ініцыятыве Мінчонэ, які імкнуўся "рэабілітаваць сваё імя" і дамагчыся прызнання сваёй “добрасумленнасці” пры заключэнні здзелкі, якая тычылася нерухомасці ў лонданскім раёне Чэлсі. Дзяржаўны сакратарыят абвінаваціў Мінчонэ ў падмане і крадзяжы грошай, але фінансіст не прызнаў сваёй віны.

4-8 ліпеня 2024 года паказанні па гэтай справе даў арцыбіскуп Эдгар Пэнья Пара, Субстытут па агульных пытаннях Дзяржаўнага сакратарыята. Ён прапанаваў дэталёвую рэканструкцыю крымінальнай справы, якая ўжо разглядалася ватыканскім судом і завяршылася ў снежні 2023 года асуджэннем дзесяці абвінавачаных, у тым ліку і Мінчонэ.

У чаканні рашэння Вярхоўнага суда Вялікабрытаніі, прызначанага на восень 2024 года, адвакаты абодвух бакоў падалі свае заключныя мемарандумы. Адвакаты Мінчонэ ў 115-старонкавым дакуменце хоць і прызналі асаблівы (“буканьерскі”) стыль дзеянняў фінансіста, але абверглі факт махлярства пры ацэнцы рынкавага кошту нерухомасці.

З свайго боку, адвакаты Дзяржаўнага сакратарыята ў 109-старонкавым дакуменце падкрэслілі, што нерухомасць была набытая па завышанай цане, што фінансавыя інтарэсы Мінчонэ і брокера Джанлуіджы Торцы былі “цесна пераплеценыя”, і яны выкарыстоўвалі Святы Пасад у якасці “лёгкай мішэні".

На думку адвакатаў Дзяржаўнага сакратарыята, сапраўднай мэтай гэтага працэсу, распачатага праз адзінаццаць дзён пасля арышту Торцы ў Ватыкане, было "контрнаступленне” і жаданне прыцягнуць увагу СМІ, каб аказаць ціск на офіс прамотара справядлівасці ў ходзе слуханняў у Ватыкане.

23 ліпеня 2024, 11:48