Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

У 2025 годзе – Юбілей лічбавых місіянераў і інфлюэнсераў

Дыкастэрыя па камунікацыі паведаміла пра новую падзею ў рамках Святога года. 28-29 ліпеня 2025 года пройдзе Юбілей лічбавых місіянераў і каталіцкіх інфлюэнсераў, які супадзе з Юбілеем моладзі, прызначаным на 28 ліпеня - 3 жніўня.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сакратар Дыкастэрыі па камунікацыі, ксёндз Люсіа Адрыян Руіс, адзначыў, што гэта будзе другая такога роду сусветная сустрэча. Першая адбылася падчас Сусветных дзён моладзі ў Лісабоне ў 2023 годзе і мела вялікі поспех. Святар запрашае ўсіх маладых людзей, якія займаюцца евангелізацыяй праз сацыяльныя медыя, прыняць удзел у падзеі.

Мэтай Юбілею – далейшае развіццё пачуцця супольнасці і адзінства сярод лічбавых місіянераў. Гэта будзе магчымасць для сустрэчы місіянерскай супольнасці, якая падзяляе агульную місію, з унікальнай ласкай сумеснага пераходу праз Святыя Дзверы.

Папа Францішак заклікаў лічбавых місіянераў адчуваць сябе часткай місіянерскага жыцця Касцёла, "якая ніколі не баялася адкрываць новыя гарызонты і пераходзіць новыя межы". Ён заахвоціў іх з крэатыўнасцю і адвагай абвяшчаць Божую Міласэрнасць.

Падрабязная інфармацыя пра ўдзел у Юбілеі хутка будзе даступная на афіцыйным сайце www.iubilaeum2025.va.
 

12 жніўня 2024, 10:19