Гуманітарная дапамога для Украіны Гуманітарная дапамога для Украіны 

Гуманітарная дапамога ад Святога Айца дастаўлена ў Харкаў

Грузавік з прадуктамі харчавання, сродкамі гігіены, лекамі і адзеннем, які 8 жніўня 2024 года вырушыў з Рыма ва Украіну, пасля пяці дзён шляху прыбыў у Харкаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Дастаўка чарговага гуманітарнага груза была арганізавана дзякуючы супрацоўніцтву паміж Дыкастэрыяй па міласэрным служэнні, украінскай грэка-каталіцкай парафіяй святой Сафіі ў Рыме, мноствам дабрачынцаў і папскіх швейцарскіх гвардзейцаў, якія прысвяцілі свой вольны час загрузцы каробак з рэчамі першай неабходнасці ў фуру.

Падтрымка прыбыла ў час, калі яна вельмі патрэбна, - падзяліўся грэка-каталіцкі епіскап Харкаўскі Васіль Тучапец у адмысловым відэароліку, які перадаў ватыканскім СМІ.

“Апошнім часам шмат людзей было эвакуіравана з месцаў, якія знаходзяцца каля расійскай мяжы, асабліва з Ваўчанску і Ліпцаў, дзе працягваюцца баявыя дзеянні. Многія з гэтых людзей прыбылі ў Харкаў і кожны дзень звяртаюцца да нас з просьбай аб прадуктах харчавання і іншых рэчах першай неабходнасці, такіх як бялізна і посуд, бо часта ім даводзілася ўцякаць толькі з дакументамі на руках, ратуючы сваё жыццё. Таму гэта гуманітарная дапамога вельмі важная, і я яшчэ раз дзякую ўсім дабрачынцам, якія адгукнуліся на наш заклік і вырашылі дапамагчы харкаўчанам, што пакутуюць ад вайны. Мы молімся за ўсіх дабрачынцаў”, - сказаў епіскап Тучапец.

Апостальскі элемазінарый, кардынал Конрад Краеўскі, выказаў радасць у сувязі паспяховым завяршэннем чарговай гуманітарнай місіі. Ён заўважаў, што перад адпраўкай груза не стаў раскрываць месца яго прызначэння з меркаванняў бяспекі. “Гэта раёны, якія найбольш падвяргаюцца бамбардзіроўкам і людзі там адчуваюць вялікія пакуты”, - падкрэсліў папскі элемазінарый.

Іерарх падзякаваў швейцарскім гвардзейцам, якія на працягу многіх гадзін загружалі аўтамабіль, а таксама рымлянам, якія праявілі шчодрасць. Кардынал Краеўскі нагадаў, што чарговая пастаўка дапамогі – гэта выраз блізкасці Святога Айца да змучанай Украіны, пра якую ён згадвае ў кожным сваім публічным звароце, просячы вернікаў не забываць пра яе.

Прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні распавёў, што для дастаўкі гуманітарнай дапамогі выкарыстоўваюцца ўкраінскія грузавікі. “Кіроўцы, якія прывозяць у Італію розныя рэчы, часта вяртаюцца разгружанымі, таму эканамічна гэта вельмі выгадна, бо гаворка ідзе пра амаль тры тысячы кіламетраў. З іншага боку, украінскія вадзіцелі ведаюць, як дабрацца да месца прызначэння”, - сказаў кардынал Краеўскі, адзначыўшы, што ўсе адпраўленыя да гэтага часу грузавікі з дапамогай дайшлі да мэты падарожжа.

З пачатку поўнамаштабнай вайны з Ватыкана ва Украіну адправілася больш за 240 фур з гуманітарнай дапамогай. Сярод грузаў былі прадукты харчавання, сродкі гігіены, медыкаменты, коўдры, спальныя мяшкі, тэрмаадзенне і электрагенератары. “Кожны грузавік – гэта адказ на канкрэтную патрэбу на месцах”, - падкрэсліў кардынал Конрад Краеўскі.
 

14 жніўня 2024, 10:12