Кардынал Курт Кох Кардынал Курт Кох 

Кардынал Кох: першае заданне Папы – быць верным Божай волі

Крызіс веры звязаны з крызісам катэхізацыі, - адзначыў кардынал Курт Кох, прэфект Дыкастэрыі па спрыянні хрысціянскаму адзінству ў інтэрв’ю іспанскаму YouTube-каналу Conclave Informa.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Адказваючы на пытанне пра магчымы будучы канклаў іерарх падкрэсліў, што гэта павінна быць не палітычная, а малітоўная падзея. “Галоўнай дзеючай асобай канклаву павінен быць Святы Дух і трэба маліцца аб ім”, - сказаў іерарх, дадаючы, што першае заданне Папы – быць верным Божай волі, бо ён павінен вучыць увесь хрысціянскі народ і даваць прыклад пошуку таго, чаго жадае Бог.

“Папа павінен быць чалавекам веры, а ў першую чаргу несці свету хрысціянскія каштоўнасці. Гэта асабліва важна для Еўропы, якая шмат згубіла са сваіх гістарычных, хрысціянскіх каранёў, і гэта не абяцае нічога добрага ў будучыні”, - папярэдзіў прэфект.

Вялікі крызіс веры, які мы маем сёння ў Касцёле, з’яўляецца таксама крызісам катэхізацыі, бо яна вельмі важная для існавання веры ў сучасным грамадстве, падкрэсліў кардынал Кох. “Калі маладыя людзі больш не ведаюць, што такое хрысціянства, што такое хрысціянская вера, яны больш не могуць расці ў веры і адмаўляюцца ад яе. Па гэтай прычыне катэхізацыя мае – і павінна мець – вялізарнае значэнне ў жыцці Касцёла”, - дадаў ён.

Прэфект падкрэсліў, што ў веры кожнага чалавека вельмі важна развіваць асабістыя адносіны з Богам. “Калі людзі не моляцца, тады ў іх няма кантакту з Богам, яны не могуць пазнаць Боскую рэальнасць. Гэта тычыцца і адносін паміж людзьмі: калі нехта толькі кажа пра іншага чалавека, але не камунікуе з ім, ён не можа пазнаць яго”, - патлумачыў іерарх.

Адказваючы на пытанне пра крытыкаў, якія сцвярджаюць, што пасля Другога Ватыканскага Сабора Каталіцкі Касцёл прайшоў праз працэс “пратэстанізацыі”, кардынал Кох сказаў: “Галоўная праблема ў тым, як мы бачым, як мы чытаем Другі Ватыканскі Сабор, асабліва яго тэксты, а не толькі так званы “дух”. Вось чаму, на яго думку, вельмі важна наследаваць вучэнне Бэнэдыкта XVI і ўжываць да аналізу Сабора герменеўтыку рэформы, а не разрыву.

Абапіраючыся на свой досвед удзельніка экуменічнага дыялогу і сведкі шматлікіх пераходаў у каталіцтва з пратэнстанцтва, прэфект Дыкастэрыі па спрыянні хрысціянскаму адзінству падкрэсліў, што фундаментальную ролю ў гэтых працэсах грае Эўхарыстыя.
 

05 жніўня 2024, 11:46