Пошук

Кардынал П'етра Паралін Кардынал П'етра Паралін  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Кардынал Паралін: нунцый служыць дабру Касцёла і міру ў свеце

Кардынал П’етра Паралін здзейсніў візіт у Польшчу, падчас якога ўдзяліў біскупскае пасвячэнне новапрызначанаму нунцыю ў Анголе і Сан-Тамэ і Прынсіпі ксяндзу-прэлату Крыспіну Дубелю.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Урачыстая літургія прайшла 24 жніўня 2024 года ў бернардзінскім касцёле ў горадзе Лежайск у Пшэмысльскай архідыяцэзіі. У ёй бралі ўдзел члены мясцовага епіскапату, Апостальскі нунцый у Польшчы, арцыбіскуп Антоніа Філіпацы, старшыня Папскай касцёльнай акадэміі, арцыбіскуп Сальваторэ Пенак’ё.

Дзяржсакратар пажадаў новаму папскаму дыпламату рупліва захоўваць скарб веры і шчодра дзяліцца яго багаццямі, каб, як добрае зерне, яно прыносіла плёны ў Касцёле і грамадзянскай супольнасці.

Людзям нашага часу, вельмі заблытанага, неабходна абвяшчаць, што Бог прыняў чалавечую прыроду і канчаткова адкупіў яе, назаўсёды ўзяўшы нашу рэчаіснасць пад сваю ўладу. “Таму бескарысныя нашы намаганні па будаўніцтве зямнога горада, калі мы выключаем з яго прысутнасць Бога”, - адзначыў кардынал Паралін.

Іерарх асаблівым чынам падкрэсліў важнасць глыбокага духоўнага жыцця для выканання задання нунцыя. “Гэта служэнне, якое здзяйсняецца для дабра Касцёла і міру ў свеце. Яно будзе настолькі плённым, наколькі моцна будзе падтрымана малітвай і разважаннем над Божым словым”, - дадаў бліжэйшы супрацоўнік Папы.
 

26 жніўня 2024, 13:34