Святы Максімільян Кольбэ Святы Максімільян Кольбэ 

L’Osservatore Romano: новы зборнік дакументаў аб Максімільяне Кольбэ

14 жніўня 2024 года, ва ўспамін святога Максімільяна Кольбэ, L’Osservatore Romano звярнула ўвагу на публікацыю ў Італіі заключнага тома поўнага зборніка дакументаў, якія тычацца постаці гэтага мужнага польскага францішканіна.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Трылогія Fonti kolbiane (Кольбэанскія крыніцы) была падрыхтавана выдавецтвам Messaggero di Sant’Antonio di Padova. Першы том, выдадзены ў 2017 годзе, утрымлівае лісты святога, другі, які пабачыў свет у 2019 годзе – тэксты, напісаныя ім, у тым ліку розныя рэкалекцыйныя разважанні, заўвагі і артыкулы.

Трэці том мае загаловак Канферэнцыі і Працэс. Ён выйшаў у 2023 годзе пад рэдакцыяй Рафаэле Дэ Мура, Эміля Кумкі, Томаша Шымчака, Рамана Вадаха і Хрыстафора Дзамбэлі. На 944 старонках выдання змешчаны тэксты 336-ці духоўных канферэнцый, якія Максімільян Кольбэ праводзіў на сваім місійным шляху, а таксама сведчанні, сабраныя падчас яго беатыфікацыйнага і кананізацыйнага працэсаў.

Ватыканская газета звяртае ўвагу на актуальнасць вучэння святога францішканіна, цытуючы ўрывак з канферэнцыі, якую ён правёў 17 красавіка 1934 года ў японскім Нагасакі: “Маўчанне з’яўляецца неабходным, нават неад’емным. Калі не хапае маўчання, становіцца менш таксама і Божых ласкаў. Маўчаць не значыць не казаць нічога, але толькі тое, што падабаецца Беззаганнай, ні больш, ні менш. Каб казаць толькі неабходнае, трэба пастаянна чуваць над сабой”.

Сярод мноства сведчанняў, змешчаных у другой частцы кнігі, L’Osservatore Romano вылучыла ўспамін брата Карнелія Чупрыка, які быў побач з Максімільянам Кольбэ з 1927 па 1933 год: “Валодаючы вострым розумам ён у найвышэйшай ступені захапляўся мастацтвам матэматыкі. Ён займаўся вынаходніцтвамі, а ўсё, што вынаходзіў, намагаўся выкарыстоўваць у сваім апостальстве”.

Вядома, не магло застацца незаўважаным таксама сведчанне Францішка Гаёўнічака, які пазбегнуў смерці ў Аўшвіцы дзякуючы ахвяры святога Максімільяна Кольбэ. Ён успамінаў: “Я магу пацвердзіць, што ў час нашага супольнага зняволення айцец Максімільян меў моцную гераічную веру. Ён горача маліўся і запрашаў да малітвы іншых, што было вельмі рызыкоўна ў турме, але таксама паказвала яго руплівасць аб збаўленні душаў гэтых бедных зняволеных. Па начах ён патаемна спавядаў вязняў, нягледзячы на тое, што гэта строга забаранялася і каралася, нават смерцю”.

Адзначаецца, што выданне поўнага зборніка дакументаў пра святога Максімільяна Кольбэ дае новы погляд “на адзін з самых важных галасоў Касцёла у ХХ стагоддзі, які яшчэ можа шмат расказаць”.
 

14 жніўня 2024, 12:24