Кардынал Хасэ Таленціна дэ Мендонса Кардынал Хасэ Таленціна дэ Мендонса  

Кардынал: пытанне сінадальнасці будзе вызначаць будучыню Касцёла

Прэфект Дыкастэрыі па культуры і адукацыі лічыць увядзенне сінадальных кансультацый у Каталіцкім Касцёле зменай, якая вызначыць будучыню.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

У інтэрв'ю аргенцінскай газеце La Nacion, апублікаваным 19 жніўня 2024 года, кардынал Хасэ Таленціна дэ Мендонса заўважыў, што Папа Францішак меў "вялікую канцэпцыю", калі вырашыў склікаць Сінод па гэтай тэме. Каб расці, Касцёл павінен уключыць усіх ахрышчаных у ўнутрыкасцёльны дыялог. Гаворка ідзе пра тое, каб успрымаць Касцёл не як піраміду, а як жывы арганізм. Сінод дапаможа ясна ўбачыць гэта, з далёкасяжнымі наступствамі для будучыні.

Кардынал адзначыў, што глядзіць на цяперашні этап не песімістычна, а з надзеяй, бо бачыць шмат людзей, гатовых даць Касцёлу другі шанс. На пытанне пра найбольшы выклік для Касцёла ён адказаў: "Гэта пераклад хрысціянскага досведу на мову нашага часу. Гэты досвед не можа заставацца прыкаваным да мовы, якую мы ўспадкавалі з мінулага".

Мендонса таксама адзначыў, што Папа дае яму шмат свабоды, у тым ліку свабоду працягваць пісаць вершы. Ён захапляецца інтэлектам Францішка і яго здольнасцю развіваць пытанні нечаканым чынам.

58-гадовы кардынал Мендонса, які паходзіць з вострава Мадэйра, з 2022 года кіруе Дыкастэрыяй па культуры і адукацыі. Партугальскі іерарх, цесна звязаны з ордэнам дамініканцаў, напісаў шматлікія кнігі, у тым ліку зборнікі вершаў, і выйграў некалькі літаратурных прэмій у Партугаліі і Італіі.
 

20 жніўня 2024, 11:02