Пошук

Папа Францішак адчыняе Святыя дзверы базілікі святога Пятра. Архіўнае фота Папа Францішак адчыняе Святыя дзверы базілікі святога Пятра. Архіўнае фота 

Святы Пасад: нота адносна Святых дзвярэй у Юбілейны год

1 жніўня 2024 года Дыкастэрыя па евангелізацыі абнародавала спецыяльную ноту адносна Святых дзвярэй у Юбілейны год. Яны будуць адчынены толькі ў Рыме. Ласку адпусту, аднак, можна будзе атрымаць у месцах, вызначаных Апостальскай пэнітэнцыярыяй.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У дакуменце адзначаецца, што ў сувязі з набліжэннем пачатку Юбілею 2025 года “нядаўна было ўзнята пытанне аб тым, ці можна прадугледзець вызначэнне і адкрыццё Святых дзвярэй у катэдральных касцёлах, міжнародных і нацыянальных санктуарыях, а таксама ў іншых асабліва значных месцах культу”.

“У сувязі з гэтым, з павагай ставячыся да пастырскіх і пабожных матываў, якія маглі заахвоціць да такога пахвальнага імкнення, мы, тым не менш, лічым неабходным нагадаць аб дакладных указаннях, дадзеных Святым Айцом у буле Spes non confundit, аб устанаўленні Юбілею 2025 года”, - гаворыцца ў тэксце.

Падкрэсліваецца, што папскім дакументам адкрыццё Святых дзярэй прадугледжана ў базіліцы святога Пятра і трох іншых папскіх базіліках у Рыме, а менавіта святога Яна на Латэране, Санта-Марыя-Маджорэ і святога Паўла за Мурамі. У якасці выключэння Папа выказаў жаданне асабіста адчыніць Святыя дзверы ў турме, “каб даць зняволеным канкрэтны знак блізкасці”.

“Таксама добра вядома, што асаблівым і вызначальным знакам Юбілейнага года, які перадаецца з першага Юбілею 1300 года, з’яўляецца адпуст, які “пакліканы выказаць паўнату Божага прабачэння, якое не ведае межаў”, праз сакрамэнт пакаяння і знакі міласэрнасці і надзеі. Таму, каб пражыць гэты момант ласкі ў поўнай меры, настойліва рэкамендуецца звярнуцца да канкрэтных месцаў і розных спосабаў, указаных у дэкрэце Апостальскай пэнітэнцыярыі ад 13 мая 2024 года”, - гаворыцца ў ноце Дыкастэрыі па евангелізацыі.
 

01 жніўня 2024, 13:36