Сустрэча з духавенствам і катэхетамі Папуа-Новай Гвінеі і Саламонавых астравоў Сустрэча з духавенствам і катэхетамі Папуа-Новай Гвінеі і Саламонавых астравоў  (VATICAN MEDIA Divisione Foto) Калонка рэдактара

Францішак: любоў да Хрыста робіць плённай евангелізацыю

Плённым абвяшчэнне Евангелля робяць не метады і структуры, а здольнасць сведчыць сваім жыццём пра любоў і радасць, якія падарыў Хрыстус, - заўважыў галоўны рэдактар СМІ Святога Пасаду.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У сваёй аўтарскай калонцы на партале Vatican News Андрэа Тарніелі пракаментаваў словы Святога Айца, прамоўленыя падчас сустрэчы з духавенствам і катэхетамі ў Папуа-Новай Гвінеі, дзе місія абвяшчэння Евангелля ажыццяўляецца ў кантэксце незвычайнай моўнай і культурнай разнастайнасці – у краіне размаўляюць на 841 мове.

Па словах Папы, не існуе тэхнікі ці пэўных формул перадачы місіянерскага энтузіязму: важна культываваць радасць быцця Касцёлам і дзяліцца ёй. Такім чынам Касцёл будзе развівацца праз прыцягальнасць, а не праз празелітызм, да чаго заклікаў Бэнэдыкт XVI.

Тарніелі нагадаў, што Францішак заклікаў развіваць місіянерства, заснаванае не на стратэгіях, а на сведчанні любові да Хрыста і адкрытасці на Святога Духа, што было ўласціва першым вучням. Менавіта любоў да Хрыста робіць плённай евангелізацыю і “заражае” іншых, казаў ён, падкрэсдіваючы, што сапраўдная місія спараджаецца сведчаннем людзей, якія асэнсоўваюць сябе прабачанымі грэшнікамі, прывабленымі Божай любоўю. Без гэтага вымярэння Касцёл рызыкуе ператварыцца ў “духоўную шматнацыянальную арганізацыю”, якая распаўсюджвае этычныя і рэлігійныя пасланне, але не сведчыць пра дзейнасць Езуса, лічыць Папа.

Гэта рызыка прысутнічае паўсюль, нават у самых арганізаваных пастырскіх праектах і вялікіх ініцыятывах Касцёла, у тым ліку ў сферы сучасных місійных тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца ў лічбавым свеце. Існуе небяспека забыць пра галоўнае – пра асабістую і жывую сустрэчу з Хрыстом – і замест гэтага засяродзіцца на прыладах, метадах і арганізацыйных структурах.

Андрэа Тарніелі адзначыў прыклад, каштоўны для ўсяго Касцёла, які даюць шматлікія місіянеры ў Папуа-Новай Гвінеі. Гэтыя мужчыны і жанчыны, з абліччамі, што выпраменьваюць радасць, пераадольваюць многія кіламетры пешшу, на аўтамабілях і самалётах, каб несці любоў Хрыста ўсім людзям, не звяртаючы ўвагі да лагістычныя і моўныя цяжкасці. Іх місія не арганізавана згодна са стратэгічным планам, а з’яўляецца спантанным рухам, у аснове якога ляжыць любоў да Хрыста. Таму, хто захоплены Езусам, не трэба выстаўляць напаказ свой місіянерскі энтузіязм, бо іншыя людзі натуральным чынам заўважаюць яго, - перакананы галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.
 

08 верасня 2024, 11:42