Кардынал Маўра П'ячэнца Кардынал Маўра П'ячэнца 

Кардыналу П’ячэнцы – 80. 123 выбаршчыкі

15 верасня 2024 года споўнілася 80 гадоў італьянскаму кардыналу Маўра П’ячэнцы, былому Вярхоўнаму пенітэнцыярыю. Ён страціў такім чынам права голасу на наступным канклаве.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Юбіляр з’яўляецца экспертам у Кананічным праве Касцёла. Перад пачаткам служэння ў структурах Апостальскай Сталіцы займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, працаваў у касцёльных судах, быў прэс-сакратаром арцыбіскупа Генуі, а таксама вядучым катэхетычных праграм на італьянскіх тэлеканалах Telegenova i Primocanale.

З 1990 – супрацоўнік Кангрэгацыі па справах духавенства. З 2000 года – падсакратар гэтай структуры Рымскай курыі. У 2003 годзе святы Ян Павел ІІ прызначыў будучага кардынала старшынёй Папскай камісіі па справах культурнай спадчыны Касцёла і надаў яму біскупскую годнасць. Дэвізам іерарха сталі словы Un quies in veritate – Мір у праўдзе. У 2024 годзе ён стаў таксама старшынёй Папскай камісіі па сакральнай археалогіі. На гэтых пасадах Маўра П’ячэнца праявіў сябе як руплівы папулярызатар сакральнай культурнай спадчыны і гісторыі Касцёла.

У 2007 годзе іерарх стаў сакратаром Кангрэгацыі па справах духавенства і атрымаў тытул арцыбіскупа. У 2010 годзе – прэфектам гэтай структуры і кардыналам. 3 2011 года – таксама старшыня Папскага фонда Дапамога Касцёлу ў патрэбе.

У 2013 годзе Францішак прызначыў кардынала П’ячэнцу Вярхоўным пенітэнцыярыем. Гэту пасаду ён займаў да 6 красавіка 2024 года.

У цяперашні час у Калегію кардыналаў уваходзяць 236 чалавек. 123 з іх маюць права голасу на наступным канклаве.
 

16 верасня 2024, 11:04