Благаслаўлёны Мойзэс Ліра Серафін Благаслаўлёны Мойзэс Ліра Серафін  

Папа: няхай руплівасць благаслаўлёнага айца Мойзэса натхняе святароў

Падчас нядзельнай сустрэчы з вернікамі на малітве Анёл Панскі, якая прайшла ў Ватыкане 15 верасня 2024 года, Папа нагадаў пра мексіканскага святара Мойзэса Ліру Серафіна (1893-1950). Напярэдадні ў базіліцы Маці Божай Гвадэлупскай у Мехіка адбылася яго беатыфікацыя.

Марыя Валодзіна - Vatican News

Францішак назваў благаслаўлёнага айца Мойзэса святаром, які прысвяціў жыццё таму, каб дапамагаць людзям удасканальвацца ў веры і любові да Бога. “Няхай яго апостальская руплівасць натхняе святароў на тое, каб безумоўна прысвяціць сябе духоўнаму дабру святога народа Божага”, - пажадаў Францішак.

Беатыфікацыйную Імшу, якая 14 верасня 2024 года прайшла ў базіліцы Маці Божай Гвадэлупскай у Мехіка, узначаліў кардынал Марчэла Сэмерара, прэфект Дыкастэрыі па справах кананізацыі. У сваёй гаміліі ён адзначыў, што мексіканскі святар быў вядомы як вялікі духоўны настаўнік і спаведнік. У 1934 годзе ён заснаваў кангрэгацыю Місіянерак Любові Беззаганнай Марыі з місіяй дапамагаць людзям жыць як дзеці, якіх любіць Бог. "Калі справа тычылася Бога, ён гаварыў як сапраўдны сын, а пра Бога казаў як пра сапраўднага Айца”. Гэта тое, што павінны рабіць усе мы, спрабуючы "з радасцю і ўпэўненасцю" маліцца Ойча наш, - сказаў кардынал Сэмерара.

Жыццёвы шлях благаслаўлёнага айца Мойзэса не быў лёгкім. Ён страціў маці, калі яму было ўсяго 5 гадоў, і быў вымушаны пастаянна пераязджаць з месца на месца з-за працы бацькі. Але "яго характар заставаўся вясёлым, гуллівым і жартаўлівым", а "яго мэтай заўсёды было зрабіць іншых шчаслівымі". Нават вельмі хворы напрыканцы жыцця ён жартаваў і імкнуўся не абцяжарваць нікога клопатамі, сведчылі яго сабраты.

Яшчэ адной важнай рысай новага благаслаўлёнага была "яго асаблівая харызма духоўнага суправаджэння". Ён спавядаў па шэсць-восем гадзін у дзень, усяляючы ў сэрцы людзей супакой, упэўненасць у Богу і бяспеку. Пра яго казалі, што ён натхняў, уздымаў дух, “і гэта патрэба вельмі востра адчуваецца ў сённяшнім Касцёле", - падкрэсліў у сваёй гаміліі кардынал Сэмерара.

Заступніцтву айца Мойзэса Ліры Серафіна прыпісваюць цудоўнае вылячэнне жанчыны, Розы Марыі Рамірэс Мендосы, якая адмовілася перарываць цяжарнасць з анамаліяй плода. У той час яна чытала кнігу айца Мойзэса пра святарскае пакліканне і даверыла яму сваё здароўе, молячы аб вылячэнні на працягу дзевяці дзён. Падчас кантрольнага медыцынскага візіту, праведзенага на шостым месяцы цяжарнасці, урач з вялікім здзіўленнем паведаміў пацыентцы, што анамалія знікла і плод цалкам здаровы. 6 верасня 2004 года Роза Марыя нарадзіла здаровую дзяўчынку.

Магіла благаслаўлёнага Мойзэса Ліры Серафіна (1893-1950)
Магіла благаслаўлёнага Мойзэса Ліры Серафіна (1893-1950)
16 верасня 2024, 11:49