Паралін у ААН: будаваць будучыню на падмурку прынцыпаў
Марыя Валодзіна - Vatican News
23 верасня 2024 года Кардынал-Дзяржсакратар П'етра Паралін звярнуўся да ўдзельнікаў Саміту будучыні, які праходзіць у штаб-кватэры ААН у Нью-Ёрку.
Крызіс шматбаковай сістэмы
У сваім звароце кардынал Паралін адзначыў, што нягледзячы на відавочны крызіс шматбаковай сістэмы, паслабленне даверу паміж краінамі і пашырэнне канфліктаў, чалавецтва павінна захаваць надзею і будаваць будучыню “на падмурку прынцыпаў, такіх як павага да годнасці, дадзенай Богам кожнаму чалавеку, спрыянне ўсебаковаму развіццю чалавека, роўнасці і суверэннай годнасці ўсіх нацый і ўстанаўленне даверу паміж імі”.
Ліквідацыя беднасці
На думку Дзяржсакратара, неабходна пераасэнсаваць дзейнасць у шэрагу абласцей. Па-першае, прыярытэтнай мэтай павінна заставацца выкараненне галечы. Для дасягнення ўстойлівага развіцця трэба выкарыстоўваць усе магчымыя сродкі, у тым ліку правесці “рэформу міжнародных фінансавых інстытутаў, рэструктурызацыю доўгу і рэалізаваць стратэгіі спісання даўгоў".
Ядзернае раззбраенне
“Па-другое, імкненне да міру патрабуе ўсеагульнага раззбраення і, у прыватнасці, поўнай ліквідацыі ядзернай зброі”. Неабходна "адкласці ў бок вузкія геапалітычныя погляды і супрацьстаяць моцным эканамічным лобі, каб абараніць чалавечую годнасць і забяспечыць будучыню, у якой усе людзі змогуць усебакова развівацца, як індывідуальна, так і супольна".
Рызыкі і магчымасці штучнага інтэлекту
Па-трэцяе, штучны інтэлект (ШІ), хоць і з’яўляецца “дзіўным навуковым адкрыццём”, патрабуе рэгулявання. Святы Пасад "выступае за стварэнне нарматыўнай базы ў галіне этыкі", якая б тычылася, сярод іншага, "абароны дадзеных, падсправаздачнасці, скажэння фактаў і ўплыву ШІ на занятасць", адзначыў кардынал Паралін.
Думаючы пра маладое пакаленне, “важна гарантаваць кожнаму годную будучыню, ствараючы неабходныя ўмовы, у тым ліку аптымальнае сямейнае асяроддзе, якое б спрыяла росквіту і адначасова вырашала мноства праблем, якія перашкаджаюць росквіту, у тым ліку праблемы беднасці, канфліктаў, эксплуатацыі і залежнасці", - лічыць дыпламат.
Рэпрадуктыўныя правы і гендар
Кардынал Паралін звярнуў увагу на некаторыя тэрміны, якія выкарыстоўваюцца ў дакуменце Пакт для будучыні і яго дадатках. Ён падкрэсліў, што Святы Пасад хоць і прызнае важнасць Пакту, але з агаворкамі адносна паняццяў, звязаных з пытаннямі сексуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя і рэпрадуктыўных правоў.
Святы Пасад лічыць, што гэтыя тэрміны “дастасавальныя да цэласнай канцэпцыі здароўя, якая ахоплівае ўсю чалавечую асобу, яе розум і цела, спрыяючы дасягненню асабістай сталасці ў сексуальнасці і ўзаемнай любові, а таксама прыняццю рашэнняў, якія характарызуюць шлюбныя адносіны паміж мужчынам і жанчынай у адпаведнасці з маральнымі нормамі”. Святы Пасад не разглядае аборты ў якасці аднаго з аспектаў гэтых паняццяў, падкрэсліў іерарх. Што тычыцца гендару, Святы Пасад разумее гэты тэрмін як заснаваны на біялагічнай палавой ідэнтычнасці, якая з'яўляецца мужчынскай ці жаночай.
"Калі годнасць з'яўляецца асновай, а ўсебаковае развіццё чалавека – мэтай нашай будучыні, то дыялог з'яўляецца неабходным сродкам”, падкрэсліў напрыканцы прамовы кардынал Паралін, нагадваючы ўдзельнікам Генасамблеі ААН пра заклік Францішка рабіць крокі, якія могуць прывесці да "значных і пазітыўных гістарычных падзей”.