У катэдрыльным касцёле Джакарты У катэдрыльным касцёле Джакарты  (AFP or licensors)

Паралін: азіяцкае падарожжа Папы – 12 дзён дыялогу і збліжэння

Напярэдадні доўгага азіяцкага візіту Францішка кардынал-дзяржсакратар П'етра Паралін падзяліўся сваімі думкамі ў інтэрв'ю Масіміліяна Менікеці, намесніку галоўнага рэдактара СМІ Святога Пасада.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

З 2 па 13 верасня 2024 года Папа здзейсніць сваё 45-е апостальскае падарожжа, наведаўшы чатыры краіны Азіі і Акіяніі: Інданезію, Папуа-Новую Гвінею, Усходні Тымор і Сінгапур.

Кардынал Паралін падкрэсліў, што галоўная мэта Пантыфіка – асабістая сустрэча з насельніцтвам краін, якія ён наведае. Гэта адлюстроўвае ключавую тэму пантыфікату Францішка – блізкасць да людзей. Ён імкнецца слухаць, падзяляць цяжкасці і надзеі, несці радасць і суцяшэнне Евангелля.

У Інданезіі, самай вялікай мусульманскай краіне свету, Папа, несумненна, падтрымае міжрэлігійны дыялог і заахвоціць да захавання прынцыпаў Панчасіла, якія спрыяюць узаемапавазе паміж рознымі групамі. Ён выступіць супраць радыкалізму і за ўмацаванне братэрства ў разнастайнасці.

Наведваючы Папуа-Новую Гвінею, якая сутыкаецца з выклікамі беднасці, карупцыі і змены клімату, Францішак не зможа не заклікаць да справядлівасці, увагі да бедных і клопату аб навакольным асяроддзі. Ён імкнецца натхніць змены ў кірунку большай сацыяльнай справядлівасці.

Ва Усходнім Тыморы, які сёлета адзначае 25-годдзе сваёй незалежнасці, Пантыфік падтрымае намаганні па пераадоленні няроўнасці, беднасці і сацыяльных праблем, падкрэсліўшы ролю хрысціянскай веры ў працэсе трансфармацыі грамадства.

У мультыкультурным Сінгапуры Папа сустрэнецца з маладымі людзьмі, якія займаюцца міжрэлігійным дыялогам. Чакаецца, што ён заахвоціць іх стаць лідарамі ў пабудове больш братэрскага і мірнага свету.

Кардынал Паралін таксама адзначыў, што візіт можа ўмацаваць сувязі Святога Пасада з іншымі азіяцкімі краінамі, у тым ліку з Кітаем і Асацыяцыяй дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН). У кантэксце сусветных канфліктаў, у прыватнасці ва Украіне і на Блізкім Усходзе, падарожжа Францішка разглядаецца як насенне надзеі, дыялогу і брацтва.

Дзяржсакратар падкрэсліў важнасць асабістых сустрэч і шчырага дыялогу для пабудовы міру, заклікаючы да пошуку агульнага дабра замест эгаістычных інтарэсаў. Ён выказаў спадзяванне на тое, што візіт Папы дапаможа пашырыць міжрэлігійны дыялог, садзейнічаць сацыяльнай справядлівасці і ўмацаваць мір у свеце ў гэты няпросты час.
 

02 верасня 2024, 14:41