У Ватыкане пачаліся рэкалекцыі для ўдзельнікаў Сінода Біскупаў

30 верасня 2024 года ў Ватыкане распачаліся двухдзённыя духоўныя практыкаванні для ўдзельнікаў і братэрскіх дэлегатаў другой сесіі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Рэкалекцыі праходзяць у Сінадальнай зале Залы Паўла VI пад кіраўніцтвам англійскага дамініканіна, айца Цімаці Рэдкліфа, і італьянскай бэнэдыктынкі, сястры Марыі Ігнацыі Анджэліні. За малітоўную частку адказвае італьянскі камедул, айцец Матэа Ферары, якому дапамагае група іншых манахаў гэтага старажытнага сузіральнага ордэна.

Духоўныя практыкаванні пачаліся прывітальным словам кардынала Марыё Грэка, Генеральнага сакратара Сінода Біскупаў, пасля якога прайшла супольная малітва Літургіі гадзін.

Затым айцец Рэдкліф звярнуўся да прысутных з медытацыяй на тэму Уваскрасенне – пошук у цемры, натхнёнай евангельскай гісторыяй пра Марыю Магдалену, якая на досвітку прыйшла да магілы Езуса, а ўбачыўшы яе пустой, паспяшыла паведаміць пра здарэнне вучням. Каля палудня ўдзельнікі рэкалекцый выслухаюць разважанне сястры Анджэліні і другую медытацыю айца Рэдкліфа, а ўвечары збяруцца на супольнай святой Імшы ў базіліцы святога Пятра.

Духоўныя практыкаванні для ўдзельнікаў Сінода Біскупаў завершацца 1 кастрычніка пакаянным малітоўным чуваннем у базіліцы святога Пятра, якое пройдзе пад кіраўніцтвам Францішка. 2 кастрычніка адбудзецца ўрачыстае адкрыццё сінадальнага схода. Ён будзе праходзіць у Ватыкане да 27 кастрычніка на тэму: На карысць Касцёла сінадальнага: камунія, удзел, місія.
 

30 верасня 2024, 10:14