Папа падчас сустрэчы з каталіцкім духавенствам і катэхетамі Інданезіі Папа падчас сустрэчы з каталіцкім духавенствам і катэхетамі Інданезіі  (ANSA) Калонка рэдактара

Святы Айцец: спагада дазваляе бачыць усё ў святле любові

Словы Папы пра тое, што дзякуючы спагадзе “мы бачым рэчы лепш”, пракаментаваў у сваёй аўтарскай калонцы на партале Vatican News галоўны рэдактар СМІ Святога Пасаду.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Што рухае свет наперад? Нехта адкажа, што гэта эканоміка, нехта – класавая барацьба, нехта – цікавасць, прадпрымальнасць і жаданне эксперыментаваць”, але Папа кажа, што гэта – любоў, - напісаў Андрэа Тарніелі, спаслаўшыся на словы звароту Святога Айца да каталіцкага духавенства і катэхетаў Інданезіі, якія ён скіраваў 4 верасня 2024 года ў катэдральным касцёле Джакарты.

Пантыфік нагадаў, што спагада – гэта не міласціна ці погляд звыш, а здольнасць мець шчырыя адносіны з тымі, хто знаходзіцца на зямлі, каб узняць іх і вярнуць ім надзею. Але “ёсць тыя, хто баіцца спагады, бо лічаць яе слабасцю і ўзносяць як цноту хітрасць тых, хто служыць сваім інтарэсам, трымаецца ў баку ад усіх, не дазваляючы нічому і нікому “кранаць” сябе, думаючы, што яны лепш асэнсоўваюць свае мэты і свабодней дасягаюць іх”.

Аднак, як патлумачыў Папа, гэта “памылковае ўспрыняцце рэальнасці”, бо светам рухаем не пошук карысці, які вядзе да знішчэння стварэння і падзелу грамадстваў, а любоў. “Спагада не засланяе сапраўднае бачанне жыцця, а наадварот, дапамагае нам лепш бачыць рэчы, у святле любові”, - нагадаў Тарніелі словы Францішка, падкрэсліваючы, што “менавіта пра спагаду сведчыць Езус на кожнай старонцы Евангелля”.

“Ён не абыякавы да рэчаіснасці, Ён узрушваецца, Ён дазваляе драмам і нястачам тых, каго сустракае, параніць сябе. А раўнадушша, якое ў канчатковым выніку ператвараецца ў цынізм, прымушае нас верыць у тое, што мы з’яўляемся больш свабоднымі, але на самой справе, крок за крокам, яно робіць нас усё менш і менш чалавечнымі”, - заключыў галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ.
 

05 верасня 2024, 12:23