Папа падчас візіту ў каталіцкую місію ў Баро Папа падчас візіту ў каталіцкую місію ў Баро  (AFP or licensors) Калонка рэдактара

Візіт да місіянераў: спаўненне даўняй мары Святога Айца

Уражаннямі ад нядзельнага візіту Францішка ў каталіцкую місію, якую праводзяць у Папуа-Новай Гвінеі святары з кангрэгацыі Таварыства Уцелаўлёнага Слова, падзяліўся ў аўтарскай калонцы на партале Vatican News Андрэа Тарніелі.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Галоўны рэдактар СМІ Святога Пасаду суправаджае Пантыфіка ў падарожжы па краінах Азіі і Акіяніі. 8 верасня 2024 года ён быў разам з Папам у невялікай вёсцы Баро, дзе служаць аргенцінскія місіянеры. Святы Айцец настаяў на візіце ў гэта месца, нягледзячы на лагістычныя цяжкасці і сумневы арганізатараў яго апостальскага падарожжа.

“Захапленне і ўдзячнасць былі на абліччы Францішка, які ў амаль 88 гадоў, прыкаваны на вазка, падняўся на борт самалёта Геркулес С-130 Ваенна-паветраных сіл Аўстраліі, нагружанага каробкамі з дапамогай і падарункамі, каб споўніць мару, якую ён песціў на працягу дзесяці гадоў: быць там, разам з імі, і агарнуць позіркам і рукамі старога езуіта, які стаў паўсюдным пастырам, гэтых шчаслівых людзей, апранутых у белае, як ён сам, а перш за ўсё, іх народ”, - напісаў Тарніелі.

“Трэба было бачыць Францішка, які сядзеў у маленькім зале драўлянага дома, накрытата маскітнай сеткай, дзе жывуць місіянеры, пацягваючы матэ побач з імі, паля сустрэчы з вялікім натоўпам мужчын, жанчын і дзяцей у стракатых адзеннях, пакрытых некалькімі пер’ямі і саломай і з размаляванымі целамі”, - дадаў ён.

Папа на працягу многіх гадоў знаходзіцца ў кантакце са сваімі суайчыннікамі, “якія сведчаць пра безумоўную любоў Бога Езуса Хрыста перад гэтымі людзьмі”, у прыватнасці з адным з іх, айцом Марцінам. “Учора малады місіянер не мог знайсці слоў, каб падзякаваць свайму сябру, які кінуў выклік усяму і ўсім, каб хоць на некалькі гадзін апынуцца там і на ўласныя вочы ўбачыць відовішча Касцёла, які нараджаецца, з яго тысячамі праблем, перажытых з радасцю”, - падкрэсліў ватыканскі медыя-эксперт.

“У Ваніма і Баро няма недахопу цяжкасцей. Людзі жывуць ва ўмовах нестабільнасці, без водаправоду і электрычнасці, у іх мала лекаў. Рэальнасцю з’яўляецца насілле, трайбалізм і эксплуатацыя велізарных мінеральных і лясных багаццяў транснацыянальнымі карпарацыямі. На гэтым узбярэжжы Ціхага акіяну, заціснутымі паміж джунглямі і каралавымі рыфамі, у 2018 годзе айцы з Таварыства Уцелаўлёнага Слова стварылі струнны аркестр, які складаецца з дзяцей і моладзі. Сярод некалькіх тон дапамогі, якія Папа прывёз на ваенным самалёце, былі скрыпкі і віяланчэлі. Францішак, шчаслівы як дзіця, змог паслухаць некалькі твораў. Гледзячы на гэту сцэну нельга было не згадаць пра цуд рэдуксьёнаў – арганізаваных езуітамі паселішчаў карэннага насельніцтва ў Парагваі, з іх школамі спеву, водгалас якіх захаваўся ў падручніках па гісторыі і сцэнах фільма Місія”, - падзяліўся Тарніелі.

Галоўны рэдактар ватыканскіх СМІ прызнаўся, што ў Баро ўбачыў як маленькія парасткі Евангелля ціха прарастаюць сярод старажытнай культуры і нясуць у сябе пяшчоту, блізкасць, спагаду і безумоўную любоў да самых апошніх і забытых; жыцці, да апошняй кроплі падораныя з любові; радасць на абліччах старых і дзяцей, на залітых сонцам і запэцканых потам тварах місіянераў, якія апрануліся ў белыя адзенні, каб прывітаць свайго сябра, Біскупа Рыма. А таксама радасць на абліччы Францішка, які падымаўся назад у ваенны самалёт C-130, але хацеў бы застацца там.
 

09 верасня 2024, 10:27