8 кастрычніка – 30-годдзе Сусветных сустрэч сем’яў

30 гадоў таму – 8 кастрычніка 1994 года – у Рыме распачалася першая Сусветная сустрэча сем’яў, скліканая святым Янам Паўлам ІІ. Форум праходзіў на працягу двух дзён пад дэвізам: Сям’я – сэрца цывілізацыі любові.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Нагодай для заснавання Сусветных сустрэч сем’яў стаў Міжнародны дзень сем’і, які ў той час праходзіў пад эгідай Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Касцёл тады вырашыў далучыцца да гэтай глабальнай ініцыятывы і сабраць сем’і з розных краін свету ў Вечным горадзе.

На працягу апошніх трох дзесяцігоддзяў адбылося дзесяць Сусветных сустрэч сем’яў. Тройчы яны праводзіліся ў Рыме – у 1994, 2000 і 2022 гадах. У 1997 годзе форум прайшоў у Рыа-дэ-Жанейра (Бразілія), у 2003 – у Маніле (Філіпіны), у 2006 – у Валенсіі (Іспанія), у 2009 – у Мехіка (Мексіка), у 2012 – у Мілане (Італія), у 2015 – у Філадэльфіі (ЗША), а ў 2018 – у Дубліне (Ірландыя).

Сустрэча з самым масавым удзелам вернікаў адбылася ў Валенсіі. У заключнай святой Імшы, якую Бэнэдыкт XVI цэлебраваў у гэтым іспанскім горадзе, бралі ўдзел каля 2 мільёнаў пілігрымаў.

У 2022 годзе Францішак вырашыў змяніць фармат форума і зрабіць яго дэцэнтралізаванымі. Да такога рашэння яго падштурхнула пандэмія COVID-19, калі здзяйсняць падарожжы было немагчыма, але многія сем’і адчувалі патрэбу сабрацца разам. Цяпер сустрэчы праводзяцца адначасова ва ўсіх дыяцэзіях свету, даючы магчымасць сем’ям, якія не могуць адправіцца ў далёкую паездку, супольна перажыць моманты радасці і малітвы ў сваіх мясцовых Касцёлах. Бліжэйшы форум запланаваны на 2028 год.

Ян Павел ІІ даручыў арганізацыю Сусветных сустрэч сем’яў Папскай радзе па справах сям’і, якую заснаваў у 1981 годзе. У ходзе рэформы Рымскай курыі ў 2018 годзе гэта структура ўвайшла ў склад новастворанай Дыкастэрыі па справах свецкіх, сям’і і жыцця, якая адказвае за правядзенне міжнароднай сямейнай падзеі ў нашы дні. З нагоды юбілею гэта ватыканскае ведамства падрыхтавала 10-хвілінны дакументальны фільм, прыгадваючы гісторыю і самыя яскравыя моманты Сусветных сустрэч сем’яў.
 

08 кастрычніка 2024, 12:58