Айцец Цімаці Рэдкліф на Сінодзе Айцец Цімаці Рэдкліф на Сінодзе  (AFP or licensors)

Айцец Рэдкліф на Сінодзе: выказвацца свабодна і давяраць Духу

Духоўнае настаўленне на апошні тыдзень працы Сінода даў удзельнікам ватыканскага сходу айцец Цімаці Рэдкліф, вядомы англійскі прапаведнік, дамініканін, уключаны Папам у спіс будучых кардыналаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

“Дзеля свабоды вызваліў вас Хрыстус” – гэтыя словы з Паслання да Галатаў (5,1) сталі зыходным пунктам у медытацыі, з якой раніцай 21 кастрычніка 2024 года айцец Рэдкліф звярнуўся да ўдзельнікаў XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў.

Духоўны паслядоўнік святога Дамініка нагадаў пра тое, што свабода з’яўляецца важнай якасцю хрысціянскага жыцця і выяўляецца ў здольнасці гаварыць мужна і бясстрашна, а ў той жа час з павагай слухаючы іншых. Гаворка ідзе пра “свабоду Божых дзяцей”, якая дазваляе адважна выказваць уласныя перакананні, а ў той жа час умацоўваць агульнае “мы” Касцёла. Свабода патрабуе ўзняцця свайго голасу і актыўнага ўдзелу ў Сінодзе, - падкрэсліў законнік.

Айцец Рэдкліф не выключыў сітуацыі, пры якой удзельнікі Сінода могуць застацца расчараванымі некаторымі будучымі рашэннямі. Заўсёды ёсць рызыка таго, што рашэнні будуць успрынятыя як неразумныя ці нават памылковыя, - папярэдзіў ён, заклікаючы захоўваць унутраную свабоду тых, хто цвёрда верыць, што “ўсё служыць на карысць тым, хто любіць Бога” (Рым 8, 28). Гэта перакананне дае нам сілы заставацца ў спакоі, нават калі справы ідуць не так, як мы спадзяёмся, - дадаў сінадальны прапаведнік.

У сваёй медытацыі дамініканін адзначыў ролю розуму ў працэсе прыняцця сінадальных рашэнняў. Ён падкрэсліў, што давер да Святога Духа не вызваляе чалавека ад выкарыстання ўласнага розуму, а таксама нагадаў словы святога Тамаша Аквінскага, які сцвярджаў, што ласка ўдасканальвае прыроду, а не знішчае яе. “Было б абразай святога Духа прымаць рашэнні без разважання”, - дадаў айцец Рэдкліф.

Прапаведнік заахвоціў удзельнікаў ватыканскага сінадальнага сходу з адкрытасцю падысці да будучых рашэнняў, нагадваючы ім, што Сінод – гэта толькі адзін крок у працэсе, які працягваецца ў Касцёле, і што яшчэ будуць магчымасці прадоўжыць гэты шлях.

На заканчэнне медытацыі будучы кардынал заўважыў, што розніца ў поглядах не з’яўляецца нечым дрэнным, але можа разумецца як прастора, у якой дзейнічае Святы Дух. У сувязі з гэтым ён заклікаў прытрымлівацца на заключным этапе сінадальнай Асамблеі прынцыпу адкрытасці і шчырага дыялогу, а таксама захавання раўнавагі паміж асабістым перакананнем і даверам да дзеяння Божага Провіду.
 

21 кастрычніка 2024, 11:38