Пошук

Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота 

Дыкастэрыя ініцыюе візітацыю Брацтва Святога Пятра

12 верасня 2024 года Дыкастэрыя па справах інстытутаў кансэкраванага жыцця і таварыстваў апостальскага жыцця прыняла рашэнне аб правядзенні апостальскай візітацыі Святарскага Брацтва Святога Пятра (FSSP).

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гаворка ідзе пра імкненне паглыбіць веды аб дзейнасці гэтага Таварыства апостальскага жыцця папскага права і прапанаваць яму найбольш адпаведную падтрымку на шляху наследавання Хрыста.

Візітацыя адбываецца ў кантэксце працэсу суправаджэння інстытутаў, якія былі ў свой час створаны Папскай камісіяй Ecclesia Dei і якія пасля motu proprio Папы Францішка Traditionis Custodes ад 16 ліпеня 2021 года перайшлі ў кампетэнцыю згаданай вышэй Дыкастэрыі.

Брацтва Святога Пятра, заснаванае ў 1988 годзе, аб'ядноўвае святароў-традыцыяналістаў, якія захоўваюць старажытны рымскі абрад у поўнай еднасці са Святым Пасадам. Згуртаванне, заснаванае ў Швейцарыі, узнікла ў выніку складаных падзей у гісторыі Касцёла пасля Другога Ватыканскага Сабора.

Стваральнікі Брацтва, першапачаткова звязаныя з арцыбіскупам Марселем Лефеўрам, зрабілі рашучы крок да еднасці з Рымам, калі іх былы настаўнік выбраў шлях схізмы. Гэты выбар адлюстроўвае іх глыбокае жаданне захаваць літургічную спадчыну Касцёла, заставаючыся ў поўнай камуніі са Святым Пасадам.

Святары Брацтва святога Пятра выкарыстоўваюць літургічныя кнігі 1962 года. Аднак, у адрозненне ад некаторых іншых традыцыяналісцкіх груп, яны прызнаюць законнасць рэформаў Другога Ватыканскага Сабора і дзейнічаюць у цесным супрацоўніцтве з мясцовымі біскупамі.

Такія падзеі, як візітацыя, падкрэсліваюць важнасць захавання традыцый у Каталіцкім Касцёле пры адначасовым забеспячэнні еднасці і паслухмянасці Святому Пасаду.
 

01 кастрычніка 2024, 09:50