Ісці разам: у Ватыкане пройдзе Сінод спартсменаў
Ян Глінскі
На форум, які адбудзецца ў рымскім палацы святога Калікста, запрошаны ўдзельнікі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў. Сустрэча стане адказам на заклік Папы ісці “сінадальным шляхам” як досведам узаемнага слухання, - нагадалі ў спартыўным клубе.
Як адзначылі ў Athletica Vaticana, слова “сінод” азначае “крочанне разам”, таму спартсменам прасцей адказаць на заклік Пантыфіка да “ўзаемнага слухання”, бо яны ўжо прызвычаіліся разам бегчы, разам ездзіць на роварах ці ўдзельнічаць у камандных спаборніцтвах.
Падчас Сіноду спартсменаў алімпійцы і паралімпійцы, у тым ліку два члены Зборнай бежанцаў, разам паразважаюць пра важнасць “узрастання ў вымярэнні дыялогу”, а таксама пра “ўзаемную адказнасць у такіх ключавых пытаннях як мір і ўзаемнае служэнне на грунтоўных шляхах спартыўных каштоўнасцяў: сяброўства, лаяльнасці, вытрываласці, каманднага духу, ахвярнасці, павагі, салідарнасці, інтэграцыі”.
Свет спорту на сустрэчы будуць прадстаўляць фехтавальшчык Амеліё Кастра Груэза, калумбіец, удзельнік Паралімпійскіх гульняў у Парыжы (2024), член Зборнай бежанцаў; Моніка Кантрафата, італьянка, бронзавы прызёр па бегу на 100 метраў на Паралімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанэйра (2016), Токіа (2021) і Парыжы (2024); Эндзі Дыяс, італьянец кубінскага паходжання, бронзавы прызёр Алімпійскіх гульняў у Парыжы (2024) у трайным скачку, разам са сваім трэнерам Фабрыцыё Даната, бронзавым прызёрам Алімпійскіх гульняў у Лондане (2012); Рыджыван Ганэшамурці, італьянец з шрыланскімі каранямі, залаты прызёр Алімпійскіх гульняў у Парыжы (2024) у кіданні дыска і сённяшні рэкардсмен свету; італьянская спрынтэрка Алічэ Манджонэ, алімпійка ў Токіа (2021) і Парыжы (2024); Антанэла Палмізана, італьянская залатая прызёрка гульняў у Токіа па спартыўнай хадзьбе (2021); і таэквандыстка Махдзія Шарыфі з Афганістана, прадстаўніца Зборнай бежанцаў.