Сустрэча Папскай камісіі па абароне непаўналетніх з Францішкам. 07.03.2024 Сустрэча Папскай камісіі па абароне непаўналетніх з Францішкам. 07.03.2024  (Vatican Media)

Камісія па абароне непаўналетніх: новыя крокі і планы

Папская камісія па абароне непаўналетніх падчас сваёй Пленарнай асамблеі ў Рыме 7-11 кастрычніка 2024 года абмеркавала пілотную штогадовую справаздачу і ўмацаванне сувязей з Дыкастэрыяй веравучэння.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Гэта была першая сустрэча з удзелам новага сакратара структуры, біскупа Луіса Мануэля Алі Эрэры, і намесніцы сакратара (падсакратара) Тэрэзы Кетэлькамп, прызначаных Святым Айцом вясной 2024 года.

“Камісія мае магчымасць і абавязак зрабіць Касцёл больш самарытанскім”

Старшыня Камісіі, кардынал Шон Патрык О'Мэлі, у сваёй гаміліі на адкрыцці Асамблеі 7 кастрычніка 2024 года падкрэсліў: "Тыя, хто пакутуе, маюць асаблівае права на нашу любоў. Камісія мае магчымасць і абавязак зрабіць Касцёл больш самарытанскім".

Тыднёвая сустрэча 30 экспертаў і супрацоўнікаў з пяці кантынентаў засяродзілася на стратэгічнай рэалізацыі мандата Камісіі ў трох ключавых абласцях: нарошчванне мясцовага патэнцыялу па абароне праз развіццё ініцыятывы Memorare, тэставанне і перагляд палітык у рамках Універсальных кіруючых прынцыпаў, а таксама падрыхтоўка да выпуску пілотнай штогадовай справаздачы аб палітыцы і працэдурах абароны ў Каталіцкім Касцёле.

“Камісія забяспечыла, каб абарона заўсёды прысутнічала ў жыцці Касцёла”

Асамблея таксама вітала арцыбіскупа Джона Кенэдзі, сакратара Дысцыплінарнай секцыі Дыкастэрыі веравучэння, якога суправаджалі айцец Роберт Гайзінгер, прамотар справядлівасці, і айцец Браян Тэйлар, супрацоўнік дыкастэрыі. Сумесная сесія была прысвечана абмеркаванню бягучых працэдур па барацьбе з сексуальнымі злоўжываннямі ў Касцёле, а таксама распрацоўцы кіруючых прынцыпаў абароны.

Вялікая ўвага была нададзена хуткаму запуску пілотнай штогадовай справаздачы аб палітыцы і працэдурах абароны ў Каталіцкім Касцёле. Мэта штогадовай справаздачы, якую запатрабаваў Святы Айцец у 2022 годзе, – даць ацэнку характару і эфектыўнасці працэдур абароны ў Касцёле і прапанаваць рэкамендацыі па іх пастаянным удасканаленні.

“Мы будзем працягваць дамагацца рэформ там, дзе мы выяўляем сістэмныя недахопы”

Камісія таксама працягнула распрацоўку Універсальных кіруючых прынцыпаў, разглядаючы водгукі, атрыманыя ад мясцовых Касцёлаў на сённяшні дзень, і бягучую пілотную фазу ў супрацоўніцтве з Касцёлам у Коста-Рыцы, Зімбабвэ, Польшчы і Тонга. Наступным крокам будзе ўключэнне вынікаў пілотнага праекта ў кансалідаваныя рамкі абароны, што застаецца асноўнай стратэгічнай задачай і доўгатэрміновай мэтай Камісіі.

Падводзячы вынікі Асамблеі, кардынал О'Мэлі адзначыў: "Камісія забяспечыла, каб абарона заўсёды прысутнічала ў жыцці Касцёла. Хоць не ўсе нашы мэты яшчэ дасягнуты, мы будзем працягваць дамагацца рэформ там, дзе мы выяўляем сістэмныя недахопы. Нашы намаганні зрабілі значную розніцу і, магчыма, самае галоўнае, з'яўляюцца знакам надзеі і салідарнасці для тых, хто пацярпеў ад гвалту, і для іх блізкіх".
 

19 кастрычніка 2024, 10:22