Падчас Сінода ў Ватыкане Падчас Сінода ў Ватыкане  (Vatican Media)

Сінод хоча прапанаваць новы погляд на ўладу жанчын у Касцёле

Кардынал Віктар Фернандэс прадставіў на Сінодзе вынікі даследавання ролі жанчын у Касцёле, падкрэсліўшы іх здольнасць мець рэальную ўладу і ўплыў без пасвячэння.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

3 кастрычніка 2024 года на Сінодзе ў Ватыкане адбылася прэзентацыя вынікаў працы груп, якія ў сакавіку былі прызначаны Папам Францішкам для аналізу праблем, выяўленых падчас сінадальнага працэсу. Найбольш канкрэтныя высновы прагучалі ў выступленні кардынала Віктара Фернандэса, які асвятліў пытанне ролі жанчын у Касцёле і іх удзелу ў працэсах прыняцця рашэнняў.

“Праведзеныя даследаванні паказалі асабліва цікавы напрамак: глыбокі аналіз постацей жанчын, якія мелі сапраўдны аўтарытэт і ажыццяўлялі рэальную ўладу ў служэнні місіі”

Іерарх адзначыў, што на падставе аналізу, праведзенага дзвюма камісіямі, прызначанымі Пантыфікам, няма месца для згоды Магістэрыума на допуск жанчын да дыяканату. Аднак ён падкрэсліў, што кіраваная ім Дыкастэрыя веравучэння возьмецца за аналіз іншай праблемы – суадносін паміж уладай, якая вынікае з сакрамэнту, і паслугамі свецкіх асоб.

“Мы будзем імкнуцца пашырыць прастору для больш рашучай прысутнасці жанчын”

Фернандэс прывёў прыклады такіх асоб, як Мацільда з Каносы, Хільдэгарда з Бінгена, Брыгіта Шведская, Кацярына Сіенская, Жанна д'Арк і Тэрэза Авільская. Ён падкрэсліў, што хоць іх уплыў не вынікаў з святарскіх пасвячэнняў, ён быў рэальны і плённы для Божага народу, магчыма, нават больш вырашальны, чым абмежаваныя задачы дыякана.

На Сінодзе таксама абмяркоўваліся іншыя важныя тэмы. Кардынал Клаўдыё Гуджэроці выступіў з кранальным дакладам пра становішча Усходніх Цэркваў і іх адносіны з Рымска-Каталіцкім Касцёлам. Ён адзначыў, што большасць гэтых супольнасцей жыве ў рэгіёнах, ахопленых вайной – сёння яны змагаюцца за выжыванне.

З прычыны міграцыі ў некаторых з іх вернікаў у дыяспары цяпер больш, чым на Радзіме. Таму ім патрэбна асаблівая дапамога з боку ўсяго Касцёла, каб яны не страцілі сваёй ідэнтычнасці або каб іх не разглядалі як своеасаблівы фальклор.

“Трэба пазбегнуць падазрэнняў у інтрыгах і сапраўды жыць рэчаіснасцю сінадальнага і місіянерскага Касцёла”

Біскуп Фелікс Гэн прадставіў працу групы, якая займалася біскупскім служэннем. Асаблівая ўвага была нададзена пытанню адбору кандыдатаў на новых біскупаў. Ён падкрэсліў неабходнасць большай празрыстасці, увагі і павагі да рэальнасці мясцовага Касцёла, а таксама большага ўдзелу мясцовага Касцёла ў выбары кандыдатаў.

Адна з рабочых груп займалася распазнаваннем спрэчных дактрынальных, душпастырскіх і этычных пытанняў. Ксёндз Карла Казалонэ, прадстаўляючы вынікі працы, падкрэсліў неабходнасць абнаўлення спосабу, якім мы прымаем Традыцыю, "праз паслухмянае слуханне як таго, што было ад пачатку, як кажа першы ліст Яна, так і таго, што адбываецца ў сённяшні гістарычны момант".

На першай генеральнай кангрэгацыі былі прадстаўлены справаздачы дзесяці рабочых груп, кананічнай камісіі, а таксама спецыяльная справаздача афрыканскіх біскупаў па пытанні палігаміі. Абмяркоўваліся таксама сітуацыя бедных, місія ў лічбавым свеце, фармацыя святароў, адносіны паміж біскупам і манаскімі супольнасцямі, роля апостальскіх нунцыяў і экуменізм.
 

04 кастрычніка 2024, 09:58