Кардынал Олерыш на Сінодзе: паглыбляць адносіны ў Касцёле
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Генеральны рэлятар XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў пачаў свой зварот са згадкі пра Дзень посту і малітвы ў інтэнцыі міру, які праходзіць у Касцёле. Ён заахвоціў удзельнікаў сінадальнага сходу падтрымаць гэту духоўную ініцыятыву Святога Айца, падкрэсліваючы, што Касцёл пакліканы ўзяць на сябе адказнасць за мір – быць міратворцам на службе ўсяму чалавецтву.
Іерарх адзначыў, што тэму міру блізка звязана з узаемаадносінамі, якім прысвечаны Другі модуль Асамблеі. Ён нагадаў, што першая частка Instrumentum laboris, над якой удзельнікі сходу разважалі на мінулым тыдні, тычылася асноў сінадальнасці. Яе мэта заключалася ў тым, каб “акрэсліць гарызонт”, у рамках якога “павінна адбывацца і ўкараняцца рэфлексія”, а цяпер важна засяродзіцца на больш канкрэтных прапановах.
Кардынал Олерыш адзначыў, што ў раздзеле Адносіны разглядаюцца сувязі з Богам, паміж братамі і касцёльнымі супольнасцямі, “якія значна больш радыкальна падтрымліваюць жыццядзейнасць Касцёла, чым яго структуры”.
“Гэта павуціна адносін, якая дае людзям і супольнасцям кропкі апоры і арыенціры, з’яўляецца шматграннай і праходзіць праз мноства ўзроўняў”, - патлумачыў ён, падрабязна спыніўшыся на чатырох пунктах тэксту, прысвечаных тэмам хрысціянскай ініцыяцыі, харызматаў і паслуг, святарства, абмену дарамі паміж рознымі Касцёламі ўнутры аднаго Касцёла.
Генеральны рэлятар Сінода адзначыў, што “лёгка было б застацца на ўзроўні агульных слоў і абмежавацца нагадваннем пра важнасць узаемаадносін для развіцця людзей і супольнасцей”, але тады існуе рызыка парадзіць нешта “не вельмі плённае”, калі Божы народ чакае ад удзельнікаў сінадальнага сходу “ўказанняў і прапаноў” адносна таго, як можна зрабіць “адносіны ўнутры нашых Касцёлаў больш празрыстымі і больш гарманічнымі”, а таксама “перайсці ад пірамідальнага спосабу ажыццяўлення ўлады да сінадальнага”.
Кардынал Олерыш заахвоціў удзельнікаў Асамблеі “акрэсліць рамкі канкрэтных прапаноў, якія паасобныя Касцёлы затым будуць пакліканы адаптаваць да розных абставін”.