Сінод Біскупаў. Ілюстрацыйнае фота Сінод Біскупаў. Ілюстрацыйнае фота  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Кардынал Олерыш на Сінодзе: паглыбляць адносіны ў Касцёле

7 кастрычніка 2024 года кардынал Жан-Клод Олерыш звярнуўся да ўдзельнікаў Сінода Біскупаў з уводзінамі ў Другі модуль Instrumentum laboris, у якім разглядаецца адна з трох галоўных тэм дакумента – Адносіны.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Генеральны рэлятар XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў пачаў свой зварот са згадкі пра Дзень посту і малітвы ў інтэнцыі міру, які праходзіць у Касцёле. Ён заахвоціў удзельнікаў сінадальнага сходу падтрымаць гэту духоўную ініцыятыву Святога Айца, падкрэсліваючы, што Касцёл пакліканы ўзяць на сябе адказнасць за мір – быць міратворцам на службе ўсяму чалавецтву.

Іерарх адзначыў, што тэму міру блізка звязана з узаемаадносінамі, якім прысвечаны Другі модуль Асамблеі. Ён нагадаў, што першая частка Instrumentum laboris, над якой удзельнікі сходу разважалі на мінулым тыдні, тычылася асноў сінадальнасці. Яе мэта заключалася ў тым, каб “акрэсліць гарызонт”, у рамках якога “павінна адбывацца і ўкараняцца рэфлексія”, а цяпер важна засяродзіцца на больш канкрэтных прапановах.

Кардынал Олерыш адзначыў, што ў раздзеле Адносіны разглядаюцца сувязі з Богам, паміж братамі і касцёльнымі супольнасцямі, “якія значна больш радыкальна падтрымліваюць жыццядзейнасць Касцёла, чым яго структуры”.

“Гэта павуціна адносін, якая дае людзям і супольнасцям кропкі апоры і арыенціры, з’яўляецца шматграннай і праходзіць праз мноства ўзроўняў”, - патлумачыў ён, падрабязна спыніўшыся на чатырох пунктах тэксту, прысвечаных тэмам хрысціянскай ініцыяцыі, харызматаў і паслуг, святарства, абмену дарамі паміж рознымі Касцёламі ўнутры аднаго Касцёла.

Генеральны рэлятар Сінода адзначыў, што “лёгка было б застацца на ўзроўні агульных слоў і абмежавацца нагадваннем пра важнасць узаемаадносін для развіцця людзей і супольнасцей”, але тады існуе рызыка парадзіць нешта “не вельмі плённае”, калі Божы народ чакае ад удзельнікаў сінадальнага сходу “ўказанняў і прапаноў” адносна таго, як можна зрабіць “адносіны ўнутры нашых Касцёлаў больш празрыстымі і больш гарманічнымі”, а таксама “перайсці ад пірамідальнага спосабу ажыццяўлення ўлады да сінадальнага”.

Кардынал Олерыш заахвоціў удзельнікаў Асамблеі “акрэсліць рамкі канкрэтных прапаноў, якія паасобныя Касцёлы затым будуць пакліканы адаптаваць да розных абставін”.
 

07 кастрычніка 2024, 12:09