Кардынал: раны злоўжыванняў гояць праўда і празрыстасць
Марыя Валодзіна - Vatican News
Мінула дзесяць гадоў з моманту стварэння Папскай камісіі па абароне непаўналетніх, якая была заклікана супрацьстаяць праблеме злоўжыванняў у Касцёле. Першую гадавую справаздачу Камісіі пракаментаваў у інтэрв’ю Vatican News яе старшыня, кардынал О’Мэлі.
Іерарх адзначыў, што абарона непаўналетніх – нялёгкая, але жыццёва важная для Каталіцкага Касцёла справа. Ён падкрэсліў, што за апошнія дзесяць гадоў Касцёл дасягнуў значных вынікаў у барацьбе са злоўжываннямі, але многае яшчэ трэба зрабіць, таму што праблема “застаецца актуальнай”, а ў некаторых мясцовых Касцёлах яна ўсё яшчэ з’яўляецца табу.
“Камісія пачала сваю працу дзесяць гадоў таму па даручэнню Францішка, які звярнуўся, перш за ўсё, да дасведчаных свецкіх, каб дапамагчы Касцёлу ў такой драматычнай сітуацыі. Усе мы ведаем пра пакуты, пра шкоду, якую злоўжыванні нанеслі не толькі ахвярам, але і іх сем'ям, супольнасцям, духавенству і Касцёлу ў цэлым. Для нас гэта быў прывілей. Нам удалося сабраць шмат экспертаў, людзей, якія прысвяцілі сваё жыццё гэтым праблемам, каб дапамагчы ахвярам і стварыць больш бяспечнае асяроддзе для дзяцей і ўразлівых людзей. Першыя гады былі вельмі цяжкім шляхам, разам з дваццаццю валанцёрамі мы павінны былі даць адказ на праблему ўсяго Паўсюднага Касцёла. Але, дзякуй Богу, мы выраслі ў гэтай місіі, пры моцнай падтрымцы Святога Айца. За гэтыя гады мы пачулі шмат галасоў ахвяр і пацярпелых. Цяпер, пасля нялёгкага шляху, з дапамогай Бога і людзей, шматлікіх ахвяр, свецкіх экспертаў, мы дасягнулі таго моманту, калі можам падзяліцца з светам плёнам нашых расследаванняў, гутарак і працы”, - сказаў кардынал О’Мэлі.
Роля ахвяр у аднаўленні даверу
Асаблівую ролю ў працы Камісіі адыгралі ахвяры злоўжыванняў. Некаторыя з іх далучыліся да дзейнасці Камісіі, сталі яе членамі. "Мы спадзяемся, што ахвяры зразумеюць: гэтая справаздача сведчыць аб тым, што ва ўсім свеце гавораць пра бяспеку, што ў Папуа-Новай Гвінеі, Афрыцы, Азіі і ва ўсім свеце Касцёл імкнецца адказаць на пакуты ахвяр і стварыць бяспечнае асяроддзе для непаўналетніх", - зазначыў арцыбіскуп-эмерыт Бостанскі.
“Мы ведаем, што наперадзе яшчэ шмат працы, але гадавая справаздача паказвае, што мы пачалі рэагаваць на злоўжыванні ў Касцёле і што ёсць вялікая зацікаўленасць. У тым ліку з боку біскупаў, асабліва ў краінах, дзе толькі пачынаюць казаць пра сексуальныя злоўжыванні. (…) Спадзяемся, што ахвяры зразумеюць, што ўвесь Касцёл імкнецца да выпраўлення памылак, злачынстваў мінулага”, - падкрэсліў іерарх.
Поспехі і няўдачы
У дакладзе гаворыцца пра поспехі і няўдачы ў пытаннях абароны непаўналетніх. На думку старшыні Камісіі, прагрэс заключаецца ў стварэнні пратаколаў, якія забяспечваюць бяспечны шлях у Касцёле. “Аднак у многіх частках Касцёла па-ранейшаму забаронена казаць пра злоўжыванні, але толькі праўда, празрыстасць і падсправаздачнасць могуць загаіць гэтую рану. Дзякуй Богу, пасля ватыканскага саміту па абароне дзяцей (2019 год), на які Папа запрасіў старшын біскупскіх канферэнцый свету, на ўсіх кантынентах павысілася зацікаўленасць у выпраўленні памылак мінулага і стварэння бяспечнага асяроддзя”, - паведаміў кардынал О’Мэлі.
Іерарх падкрэсліў важную ролю адукацыі ў галіне бяспекі. “Людзі думаюць, што гэта праблема мінулага, аднак гэта і сённяшняя праблема, і мы павінны захоўваць пільнасць, каб абараніць дзяцей. Вучэнне Касцёла залежыць ад нашых намаганняў. Я заўсёды кажу святарам: людзі павераць нам толькі тады, калі пераканаюцца, што мы іх любім”, - сказаў іерарх, дадаючы, што шкода, нанесеная злоўжываннямі ў Касцёле, не толькі фізічная і псіхалагічная, але і духоўная. “Калі злоўжывае святар, шкода большая”, - заўважыў ён.
Сінадальнасць і супрацоўніцтва
Кардынал О’Мэлі падкрэсліў, што сучасны курс на сінадальнасць падштурхоўвае да больш цеснага супрацоўніцтва паміж біскупамі і свецкімі. "Часта біскупы адчуваюць сябе вельмі ізаляванымі, калі ім даводзіцца прымаць рашэнні па справе аб злоўжываннях. Яны не павінны рабіць гэта ў адзіноце! У іх павінна быць спецыяльная кансультатыўная група, якая дае рэкамендацыі і дапамагае ім прымаць рашэнні. У краінах, дзе ўжо існуюць такія экспертныя групы, ідзе вельмі карыснае супрацоўніцтва з біскупамі для прыняцця справядлівых рашэнняў па гэтых складаных пытаннях”, - сказаў старшыня Папскай камісіі па абароне непаўналетніх.