Пахаванне Жазэ Карласа дэ Сосы Пахаванне Жазэ Карласа дэ Сосы 

Краеўскі: бедныя могуць дапамагчы нам адкрыць дзверы ў Рай

Два кардыналы ўзялі ўдзел у пахаванні бяздомнага, якое прайшло раніцай 15 кастрычніка 2024 года ў капліцы святой Монікі ў некалькіх кроках ад Ватыкана.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

61-гадовы бразілец Жазэ Карлас дэ Соса на працягу многіх гадоў жыў ля каланады плошчы святога Пятра. Мужчына пакутаваў ад цяжкай хваробы, а спробы аказаць яму медыцынскую дапамогу не прынеслі жаданага выніку. У жніўні бяздомны памёр, але з-за бюракратычных праблем яго пахаванне на рымскіх гарадскіх могілках Prima porta стала магчымым толькі праз два месяцы.

Развітальную літургію ўзначалілі прэфект Дыкастэрыі па міласэрным служэнні, кардынал Конрад Краеўскі, і арцыбіскуп Манауса, кардынал Леанарда Ульрыч Стайнер, які знаходзіцца ў Рыме ў сувязі з удзелам у Сінодзе Біскупаў.

У Імшы бралі ўдзел сябры памерлага, каля трыццаці валанцёраў розных дабрачынных арганізацый, а таксама супрацоўнікі Апостальскай элемазінарыі, якія на працягу многіх гадоў штодзённа клапаціліся пра памерлага.

Кардынал Краеўскі ў гаміліі нагадаў, што Жазэ Карлас быў паэтам, а ў валанцёраў, якія разносілі ежу і адзенне, не прасіў нічога: яму былі патрэбны толькі чыстыя сшыткі, каб запісваць вершы, якія ён прыдумваў, гледзячы на турыстаў, што кожны дзень праходзілі міма яго, і якім ён “як анёл указваў шлях” да ватыканскай базілікі.

“Магчыма, калі ён стаяў пад каланадай, сустракаўся з асуджэннем вернікаў, пілігрымаў, турыстаў, бо не выглядаў вельмі добра... Але Езус кажа нам, што гэта не ўсё ў чалавека, усё – гэта сэрца”, - сцвердзіў прэфект.

Кардынал Краеўскі падзякаваў валанцёрам, якія прыйшлі на пахаванне, за дапамогу, якую яны аказвалі памерламу, даючы сведчанне аб сваёй хрысціянскай веры праз міласэрную любоў. “Дапамагаючы яму, вы дапамагалі самаму Езусу, які мае аблічча ўсіх тых людзей, што знаходзяцца пад каланадай”, - сказаў іерарх, дадаючы, што гэтыя людзі розных нацыянальнасцей, моў і звычаяў, разам з Жазэ Карласам, “калі прыйдзе наш час сустрэцца з Езусам магчыма крыху дапамогуць нам адкрыць дзверы ў Рай”.
 

15 кастрычніка 2024, 12:58