Святы Пасад: няма падстаў для справы супраць біскупаў Швейцарыі
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News
Святы Пасад завяршыў папярэдняе кананічнае расследаванне, якое тычылася абвінавачванняў супраць некаторых швейцарскіх біскупаў. Вынікі былі старанна прааналізаваны Дыкастэрыяй па справах біскупаў з дапамогай аўтарытэтных экспертаў.
Расследаванне не выявіла доказаў злачынстваў, утойвання, занядбання ці памылак, якія патрабавалі б узбуджэння кананічнага крымінальнага працэсу. Аднак апісаныя паводзіны не лічыцца правільнымі, было ўстаноўлена, што працэдуры, прадугледжаныя кананічным правам, не выконваліся належным чынам.
У выніку гэтых фармальных парушэнняў Дыкастэрыя выдала кананічныя папярэджанні. Яна заахвоціла швейцарскіх біскупаў да большай увагі ў будучыні і да разгляду паведамленых выпадкаў злоўжыванняў з найвышэйшай стараннасцю і кампетэнтнасцю, строга прытрымліваючыся ўсіх нормаў, якія дзейнічаюць у следчых працэдурах.
Кардынал Роберт Фрэнсіс Прэвост, прэфект Дыкастэрыі па справах біскупаў, адзначыў, што за апошнія некалькі складаных гадоў чальцы швейцарскага епіскапату дасягнулі значнага прагрэсу і сталі больш эфектыўнымі ў вырашэнні выпадкаў злоўжыванняў. Яны наймаюць усё больш кваліфікаваны персанал і ў большай ступені супрацоўнічаюць з незалежнымі ўстановамі.
Швейцарскіх біскупаў заахвочваюць працягваць актыўную і рыгарыстычную пільнасць у прымяненні кананічнага права ў дачыненні да разгляду выпадкаў сексуальных злоўжыванняў. Пры гэтым падкрэсліваецца, што дырэктывы Касцёла не з'яўляюцца толькі прававымі інструментамі, але адлюстроўваюць глыбокае пачуццё справядлівасці і адказнасці перад ахвярамі, да якіх трэба падысці з уважлівасцю, аказаць дапамогу і кампенсаваць шкоду.