Кардынал Олерыш на Сінодзе Біскупаў Кардынал Олерыш на Сінодзе Біскупаў  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Олерыш: адносіны ў Касцёле патрабуюць узаемнага клопату

Пра важнасць узаемнага клопату і паслядоўнасці для развіцця адносін у Касцёле казаў кардынал Жан-Клод Олерыш ва ўводным дакладзе перад абмеркаваннем на Сінодзе трэцяга модуля Рабочага дакумента, прысвечанага тэме “Шляхі”.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Генеральны рэлятар XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў нагадаў, што без узаемнага клопату адносіны паміж членамі Касцёла “вянуць” і становяцца “таксічнымі”. Таму неабходна пытацца ў сябе: “З дапамогай якіх інструментаў мы можам падтрымліваць і сілкаваць тканку адносін, у якой яны маюць патрэбу? Што можа ўмацаваць іх”, а што наадварот – “забівае і гасіць адносіны”.

Іерарх заўважыў, што адносіны павінны “дапамагаць расці”. Яны павінны выражацца “ў канкрэтных штодзённых дзеяннях” і знаходзіцца ў “адпаведнасці з нашымі сцвярджэннямі”. У адваротным выпадку людзі не будуць мець даверу да нашых слоў і дзеянняў, - папярэдзіў арцыбіскуп Люксембурга.

Кардынал Олерыш коратка нагадаў удзельнікам Сінода пра змест чатырох параграфаў модуля Instrumentum laboris, прысвечанага тэме Шляхі, над якім яны павінны будуць разважаць. Іерарх заўважыў, што гаворка ідзе пра развіццё цэласнай і сумеснай фармацыі, глыбокага касцёльнага распазнавання на карысць місіянерскай дзейнасці, дыялогу ў працэсе прыняцця рашэнняў, а таксама празрыстасці і падсправаздачнасці, якія прадугледжваюць змену паводзін, вяртаючыся да “практыкі ранняга Касцёла”.

 

11 кастрычніка 2024, 10:04