Пошук

Пантыфік сустрэўся з прэм'ер-міністрам Іспаніі

Папа прыняў 11 кастрычніка 2024 года ў Ватыкане прэм'ер-міністра Іспаніі Педра Санчэса. Былі абмеркаваны двухбаковыя адносіны, рэгіянальныя і міжнародныя пытанні, асабліва канфлікты і міграцыйны крызіс.

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News

Сустрэча паміж Францішкам і Санчэсам праходзіла ў сардэчнай атмасферы. Пасля аўдыенцыі ў Папы, палітык сустрэўся з Кардыналам-дзяржсакратаром П'етра Паралінам і сакратаром па адносінах з дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі, арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам.

Падчас гутаркі ў Дзяржаўным сакратарыяце адбыўся абмен меркаваннямі па двухбаковых адносінах і пытаннях, якія ўяўляюць узаемную цікавасць. Асаблівая ўвага была нададзена спрыянню плённаму дыялогу паміж мясцовым Касцёлам і ўладамі, а таксама паміж рознымі кампанентамі грамадзянскай супольнасці.

Удзельнікі сустрэчы таксама абмеркавалі некаторыя рэгіянальныя і міжнародныя пытанні. Асаблівая ўвага была нададзена бягучым канфліктам, падкрэслівалася важнасць тэрміновых намаганняў па падтрымцы міру. Акрамя таго, абмяркоўвалі сур'ёзны міграцыйны крызіс, асабліва ў Міжземнамор'і і на Канарскіх астравах.
 

11 кастрычніка 2024, 13:01