Удзельнікі Сінода Біскупаў падчас духоўных практыкаванняў Удзельнікі Сінода Біскупаў падчас духоўных практыкаванняў

Рэкалекцыі на Сінодзе: мастацтва маўчання і слухання Бога

1 кастрычніка 2024 года ў Ватыкане праходзіць другі дзень духоўных практыкаванняў для ўдзельнікаў, дэлегатаў і гасцей XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Рэкалекцыі пачаліся раніцай з супольнай малітвы і медытацыі пад кіраўніцтвам сястры Марыі Ігнацыі Анджэліні. Манахіня з бэнэдыктынскага кляштара ў італьянскай Вібальдоне прапанавала прысутным у ватыканскай Сінадальнай зале задумацца над тэмай маўчання, як формы праслаўлення Бога. “Калі любіш праўду, любі цішыню”, - нагадала яна словы Ісака Сірыйскага.

Законніца заўважыла, што “ў корані кожнай малітвы, кожнай Божай справы” знаходзіцца “ціхі подых Бога”, які неабходна распазнаць. Яна патлумачыла, што менавіта гэтаму служаць моманты цішыні, прадугледжаныя рэгламентам сінадальных пасяджэнняў.

Сястра Анджэліні падкрэсліла, што такія хвіліны засяроджанасці ў маўчанні падчас Сінода павінны дапамагчы ў “барацьбе з банальнасцю, пошуку праўды і прыняцці таямніцы, схаванай у кожным чалавеку”.

Трэба “вызваліць наш позірк ад усякай нецярпімасці і прадпрымальніцкага актывізму, ад прэтэнзій, ад крыўд і нараканняў, ад шматслоўя, каб прыняць гарачае жаданне, якое маўкліва прываблівае да спаўнення волі Айца”, - заклікала бэнэдыктынка.

Пасля сястры Марыі Ігнацыі Анджэліні ўдзельнікі Сінода Біскупаў выслухалі медытацыю, падрыхтаваную англійскім дамініканінам, айцом Цімаці Рэдкліфам. Прапаведнік параўнаў сумневы, якія некаторыя з прысутных маюць адносна сэнсу сінадальнага сходу, са станам святога Пятра, які вярнуўся з пустымі сеткамі пасля таго як безвынікова лавіў рыбу цэлую ноч. Айцец Рэдкліф заклікаў наследаваць прыклад апостала, які ў паслухмянасці Пану зноў закінуў сеткі, і выцягнуў багаты лоў.

“Гэта паслухмянасць прынясе плён, якога мы не чакаем!”, - запэўніў ён, падкрэсліваючы, што поспех рыбнай лоўлі Пятра цалкам залежаў ад яго даверу да Пана. Дамініканін адзначыў важнасць прыняцця багацця розных культур, якія прадстаўлены на Сінодзе, а таксама заклікаў навучыцца цаніць іх адметнасці і пазбягаць жадання іх уніфікацыі.

У другой палове дня ўдзельнікі сінадальнага сходу правядуць абмеркаванні ў групах, а ўвечары збяруцца ў ватыканскай базіліцы святога Пятра на пакаяннае малітоўнае чуванне, якое пройдзе пад кіраўніцтвам Святога Айца.
 

01 кастрычніка 2024, 10:49