Сінод Біскупаў. Ілюстрацыйнае фота Сінод Біскупаў. Ілюстрацыйнае фота  (Vatican Media)

Сінод Біскупаў: дыскусіі аб крытэрыях дэцэнтралізацыі

Дэцэнтралізацыя з’яўляецца здаровай, калі кіруецца цвёрдымі прынцыпамі, адзначалі 18 кастрычніка 2024 года ўдзельнікі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў, якая праходзіць у Ватыкане.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

На сінадальным сходзе падкрэслівалі важнасць мясцовых Касцёлаў, “якія не шкодзяць, а служаць адзінству”, бо “ўнікальнасць кожнага” – гэта не пагроза, а хутчэй “асаблівы дар”, паведаміў журналістам падчас брыфінгу ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы Паола Руфіні, прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі і старшыня Камісіі па інфармацыі Асамблеі.

Скарб Усходніх Цэркваў

Прыкладам гэтага з’яўляюцца Усходнія Цэрквы, традыцый якіх трэба ахоўваць як “скарб усяго паўсюднага Каталіцкага Касцёла” і, такім чынам, “яго неад’емную частку”.

Паводле слоў Руфіні, на Сінодзе адзначалася неабходнасць забяспечыць не толькі “выжыванне”, але і “ажыўленне Усходніх Цэркваў, як у рэгіёнах іх паходжання, так і ў дыяспарах”. Некаторыя ўдзельнікі форума сцвярджалі, што “ў гісторыі існавала не зусім правільнае разуменне еднасці” і часам Лацінскі Касцёл паводзіў сябе “несправядліва да Усходніх Цэркваў sui iuris, лічачы іх тэалогію другараднай”.

Паняцце тэрыторыі і агульная дата святкавання Вялікадня

Актуальнай праблемай на сённяшні дзень называлася “перавызначэнне канцэпцыі тэрыторыі”, якая “з’яўляецца не толькі фізічнай прасторай”. Дзякуючы дыяспарам, “на тэрыторыях, дзе пераважае лацінскі абрад, жывуць усходнія католікі”.

На сінадальным сходзе шырока абмяркоўвала пытанне святкаванне Вялікадня ў адзін дзень з “Цэрквамі-сёстрамі”. Выказвалася пажаданне, каб прыйсці да згоды па гэтым пытанні ў наступным годзе. Прагучала таксама прапанова скіраваць заклік на гэту тэму ад імя ўсяго Сінода.

Здаровая дэцэнтралізацыя патрабуе цвёрдых прынцыпаў

Прадметам шматлікіх разважанняў была таксама тэма дэцэнтралізацыі, - паведаміла журналістам Шэйла Пірэс, сакратар Камісіі па інфармацыі. На Сінодзе былі прааналізаваны крытэрыі “вызначэння здаровай дэцэнтралізацыі”, сярод якіх называлася “блізкасць і сакрамэнтальнасць, гэта значыць сакрамэнты”.

Увага надавалася таксама “малым нізавым супольнасцям як прывілеяванаму месцу сінадальнага Касцёла”. Падкрэслівалася, што для іх велізарнае значэнне мае лічбавае асяроддзе, якое можа дапамагаць ім захаваць адзінства таксама і на тэрыторыі.

Раздзяліць шлях са свецкімі

Для таго, каб весці “добрую барацьбу” за веру ў секулярызаваных грамадствах, важна “раздзяліць шлях са свецкімі”, казалі на Сінодзе, падкрэсліваючы, што “здаровая дэцэнтралізацыя можа ўмацаваць вымярэнне суадказнасці Божага народу” пры ўмове захавання адзінства, вернасці вучэнню Касцёла, касцёльнай еднасці з Наступнікам святога Пятра, павагі да мясцовых Касцёлаў, субсідыярнасці і сінадальнасці.

Падрыхтоўка да дыскусій аб Выніковым дакуменце

Паола Руфіні паведаміў, што наступны тыдзень на Сінодзе будзе прысвечаны дыскусіям аб Выніковым дакуменце. У сувязі з гэтым раніцай у панядзелак 21 кастрычніка ўдзельнікі Асамблеі збяруцца на святой Імшы ў базіліцы святога Пятра, каб прасіць дапамогі Святога Духа.
 

19 кастрычніка 2024, 09:20