Другая сесія XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў Другая сесія XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў  (VATICAN MEDIA Divisione Foto)

Сінод: цаніць розныя служэнні і развіваць місіянерства ў інтэрнэце

Важным становіцца служэнне “лічбавых місіянераў”, якія дасягаюць у інтэрнэце многіх людзей, далёкіх ад Касцёла, - падкрэслівалася падчас сінадальнага брыфінгу ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

4 кастрычніка 2024 года ў Ватыкане прайшла прэс-канферэнцыя, на якой былі падведзены вынікі другога дня пасяджэння Сінода Біскупаў. На ім былі прадстаўлены справаздачы пяці моўных груп і прагучалі 36 выступленняў удзельнікаў сходу. Галоўнымі тэмамі рэфлексіі былі ўплыў сінадальнасці на жыццё Касцёла і шляхі развіцця сінадальнасці, - распавёў журналістам Паола Руфіні, прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі і старшыня Камісіі па інфармацыі XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў.

Усе харызматы важныя, але не ўсе павінны станавіцца паслугамі

Удзельнікі сінадальнага сходу, які праходзіць у Ватыкане, шырока абмяркоўвалі пытанне пра роллю жанчын і місію свецкіх вернікаў. Падкрэслівалася, што ад іх актыўнага ўдзелу залежыць будучыня Касцёла, але гэта ў ніякім разе не прыніжае важнасці святарскага служэння.

У некаторых моўных групах зноў прагучала пажаданне, каб моладзь, жанчыны і свецкія гралі больш актыўную ролю ў прыняцці рашэнняў. Удзельнікі Асамблеі нагадалі пра неабходнасць адмовіцца ад наратыву, заснаванага на супрацьпастаўленнях, а таксама вылучыць страхі, якія перашкаджаюць супольнаму разважанню над рознымі паслугамі і харызматамі ў Касцёле. У кантэксце разважанняў пра ролю жанчын і свецкіх падкрэслівалася, між іншым, што “ўсе харызматы з’яўляюцца важнымі, але не ўсе яны абавязкова павінны быць паслугамі”.

Сінадальнасць прыносіць канкрэтныя плёны

Сведчаннямі падчас брыфінгу падзяліліся некаторыя прадстаўнікі Касцёла з розных частак свету. У прыватнасці, кардынал Крыстабаль Лопэс Рамэра з Марока, арцыбіскуп Рабата і старшыня Рэгіянальнай Канферэнцыі Біскупаў Паўночнай Афрыкі, адзначыў, што ў гэтым рэгіёне сінадальнасць ужо з’яўляецца рэальнасцю, а не толькі акадэмічным тэрмінам. У якасці прыкладу ён згадаў пра дзейнасць дыяцэзіяльных рад, у якіх бярэ ўдзел вялікая колькасць вернікаў. “Сінадальнасць – гэта практыка, якая прыносіць канкрэтныя плёны, калі ўвесці яе ў жыццё”, - сказаў іерарх.

Навязванне некаторых наратываў

Старшыня Федэрацыі біскупскіх канферэнцый Акіяніі, біскуп Энтані Рандаца, падкрэсліў, што на Сінодзе не павінны пераважаць тэмы, важныя з пункту гледжання Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Ён параўнаў такое навязванне наратываў з “сучаснымі каланіялізмам”, несумяшчальным з місіяй Касцёла.

Важнасць місіянерства ў інтэрнэце

Падчас прэс-канферэнцыі слова ўзяла сястра Ксіск’я Лусія Вальядарэс Пагуага з Нікарагуа, вядомая як “лічбавая місіянерка”. Яна адзначыла важнасць евангелізацыі ў інтэрнэце, якім карыстаецца 65 працэнтаў насельніцтва свету. Законніца адзначыла, што немагчыма пабудаваць сінадальную супольнасць, калі не браць пад увагу тых, хто насяляе віртуальную прастору. Сястра Вальядарэс падкрэсліла, што Касцёл павінен выконваць сваю місію інакш, чым 20 гадоў таму, і ўключаць у сваю перспектыву віртуальную “экзістэнцыяльную перыферыю”. Манахіня заўважыла, што сёння расце “харызмат лічбавых місіянераў”, якія ў віртуальным свеце дасягаюць многіх людзей, далёкіх ад Касцёла, і якія ніколі не чулі пра Хрыста.
 

05 кастрычніка 2024, 12:05