Сустрэча ўдзельнікаў Сінода з моладдзю Сустрэча ўдзельнікаў Сінода з моладдзю 

Сінод да моладзі: Касцёл можа даць свету прыклад дыялогу

Кардыналы Марыё Грэк і Жан-Клод Олерыш, а таксама два ўдзельнікі Сінода з ЗША – сястра Летыцыя Салазар, канцлер дыяцэзіі Сан-Бернардзіна, і біскуп Даніэль Флорэс, пастыр дыяцэзіі Браўнсвіл – адказалі на пытанні студэнтаў.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Сустрэча адбылася ўвечары 18 кастрычніка 2024 года ў ватыканскай Зале Паўла VI. Яна праходзіла ў фармаце “круглага стала” – аналагічна таму, як адбываецца XVI Звычайная Генеральная Асамблея Сінода Біскупаў. У сустрэчы бралі ўдзел каля 140 юнакоў і дзяўчат, пераважна са ЗША. У цэнтры дыскусій было пытанне практыкавання сінадальнага стылю ў штодзённым жыцці.

Важнасць слухання

Генеральны сакратар Сінода Біскупаў, кардынал Марыё Грэк, падкрэсліў, што цяперашні Сінод, больш чым папярэднія, звяртае ўвагу на неабходнасць слухання, прычым не толькі адзін аднаго, але таксама Святога Духа, які падтрымлівае Касцёл, дапамагаючы яму “стаць больш сінадальным, ствараючы культуру сустрэчы, укаранёную ў слуханні Бога і бліжняга”.

Даць прыклад вядзення дыялогу

У сваю чаргу кардынал Олерыш, Генеральны рэлятар Асамблеі, звяртаў увагу на тое, што палярызацыя, якая характарызуе сучасны свет, з’яўляецца супрацьлегласцю сінадальнасці. “Асоба, якая мае іншае меркаванне – не з’яўляецца ворагам, мы належым да аднаго чалавецтва і павінны знаходзіць агульныя рашэнні”, - сказаў іерарх, падкрэсліваючы, што Касцёл павінен даць свету добры прыклад дыялогу.

Сінадальнасць можа навучыць свет таму, што рэлігія не павінна быць крыніцай канфліктаў, а хутчэй шляхам да большага братэрства. Ён заклікаў моладзь дзейнічаць разам з прадстаўнікамі іншых рэлігійных традыцый для вырашэння глабальных выклікаў, такіх як сацыяльная і экалагічная справядлівасць, як браты і сёстры, аб’яднаныя агульнай місіяй.

“Мы павінны прадэманстраваць, што не проста размаўляем, мы павінны дзейнічаць разам, сустракацца і ўзрастаць у павазе, любові і сяброўства і працаваць на карысць чалавецтва. Гэта частка нашай місіі, як і абвяшчэнне Бога”, - заявіў арцыбіскуп Люксембурга.

Святы Дух гарант еднасці ў Касцёле

Моладзь выказвала занепакоенасць тым, што наданне вялікага значэння сінадальнасці, можа паўплываць на вернасць традыцыі і праўдзе. У сувязі з гэтым біскуп Флорэс запэўніў, што сінадальнасць не пагражае місіі прапаведавання Евангелля, а адкрыццё на слуханне людзей з рознымі поглядамі мае на мэце дапамагчы зразумець рэчаіснасць, у якой жывуць тыя, каму Касцёл хоча несці Добрую Навіну. Ён нагадаў, што Святы Дух з’яўляецца гарантам еднасці і парадку ў Касцёле, а сінадальны працэс спрыяе паразуменню, не пагражаючы асновам вучэння Касцёла.
 

19 кастрычніка 2024, 10:40