Удзельнікі сінадальнага брыфінгу ў Ватыкане Удзельнікі сінадальнага брыфінгу ў Ватыкане 

Сінод Біскупаў: экуменізм не ў крызісе – ён сутыкаецца з выклікамі

Экуменічнаму аспекту сінадальнасці была прысвечана прэс-канферэнцыя па выніках сёмага і восьмага пасяджэння Сінода Біскупаў, якая прайшла 10 кастрычніка 2024 года ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Удзельнікі ватыканскай Асамблеі праводзілі працы ў малых групах. Яны падрыхтавалі справаздачы аб абмеркаванні другога модуля Instrumentum laboris, прысвечанага тэме Адносіны, а затым перайшлі да рэфлексіі над трэцім модулем на тэму Шляхі.

Разважанням папярэднічала медытацыя айца Цімаці Рэдкліфа і ўводны даклад кардынала Жана-Клода Олерыша, Генеральнага рэлятара XVI Звычайнай Генеральнай Асамблеі Сінода Біскупаў, - паведаміў журналістам Паола Руфіні, прэфект Дыкастэрыі па камунікацыі і старшыня сінадальнай камісіі па інфармацыі.

Экуменічны шлях можа быць толькі сінадальным

Падчас брыфінгу слова ўзяў кардынал Курт Кох, прэфект Дыкастэрыі спрыяння хрысціянскаму адзінству, які падкрэсліў, што “экуменічны шлях можа быць толькі сінадальным”. Іерарх патлумачыў, што як для сінадальнасці, так і для экуменізму фундаментальнае значэнне мае “абмен дарамі, пры якім мы вучымся адзін у аднаго, з упэўненасцю, што ні адна Царква не з’яўляецца настолькі самадастатковай, каб не патрабаваць укладу іншых Цэркваў, і настолькі беднай, каб не магла нешта прапанаваць”.

Міжканфесійнае чуванне ў гадавіну адкрыцця Другога Ватыканскага Сабора

Карыстаючыся нагодай іерарх зрабіў некаторыя тлумачэнні адносна вячэрняга экуменічнага чування, якое пройдзе ў Ватыкане. Ён нагадаў, што ў мінулым годзе міжканфесійная малітоўная сустрэча праходзіла на пачатку Сінода. Сёлета яе было вырашана перанесці на 11 кастрычніка – гадавіну адкрыцця Другога Ватыканскага Сабора, “які пазначыў афіцыйны ўваход Каталіцкага Касцёла ў экуменічны рух”. Іерарх нагадаў, што сёлета выпадае таксама 70-годдзе важных для экуменізму саборных дакументаў: канстытуцыі Lumen gentium і дэкрэта Unitatis Redintegratio.

Іерарх заўважыў, што чуванне адбудзецца на тэрыторыі ватыканскай Плошчы Рымскіх Першамучанікаў, дзе згодна са старажытнай традыцыяй прыняў смерць святы Пётр. “Гэта павінна нагадаць нам пра тое, што святасць – самы надзейны шлях да адзінства”, - сцвердзіў ён.

Экуменізм не ў крызісе, а сутыкаецца з выклікамі

Адказваючы на пытанні журналістаў, кардынал Кох падкрэсліў, што “экуменізм не знаходзіцца ў крызісе, а сутыкаецца з рознымі выклікамі”. Ён прызнаў, што “існуе сумная сітуацыя, часткова выкліканая словамі Патрыярха Маскоўскага Кірыла, прадстаяцеля Рускай Праваслаўнай Царквы, якія прывялі да разрыву з Канстанцінопалем, але мы павінны адрозніваць гэтыя пазіцыі ад шляху, які працягваецца”.

Іерарх нагадаў, што “існуе Змешаная камісія, што ўключае 15 праваслаўных Цэркваў, якая працягвае працаваць, а гэта значыць, што дыялог працягваецца з надзеяй на стварэнне лепшай будучыні, у тым ліку на сумесную падрыхтоўку пленарнага пасяджэння”.

Экуменічны шлях патрабуе супрацоўніцтва і сумеснай малітвы

Кардынал Кох падкрэсліў, што “экуменічны шлях – гэта рух”, у якім “няма паўз”: ён “рэалізуецца ў сумесным пілігрымаванні, сумеснай малітве, сумесным супрацоўніцтве”. “Езус не загадаў стварыць хрысціянскае адзінства, а маліўся аб ім”, - нагадаў ватыканскі іерарх, адзначаючы, што вучні Хрыста павінны таксама рабіць гэта: маліцца, каб адзінства было рэалізавана як дар Святога Духа.

На Сінодзе важны кожны голас

У прэс-канферэнцыі бралі ўдзел некаторыя братэрскія дэлегаты, запрошаныя на Сінод. Прадстаўнік Англіканскай супольнасці, епіскап Марцін Уорнер, прызнаўся, што найбольшае ўражанне на яго зрабіла малітва і цішыня падчас ватыканскай сінадальнай Асамблеі. “Гэта паказвае, што мы знаходзімся пад уладай Хрыста і перад Ім павінны будзем адказаць за нашы справы”, - дадаў іерарх.

Прадстаўніца Сусветнай канферэнцыі менанітаў, Эн Кэці Грэйбэр выказала падзяку за запрашэнне ў Ватыкан у якасці дэлегата ад вельмі невялікай хрысціянскай супольнасці. На яе думку, гэта падкрэслівае, што на Сінодзе важны кожны голас.
 

11 кастрычніка 2024, 09:31