Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота  (ANSA)

Сінод: тэолагі размаўлялі пра ролю і аўтарытэт біскупаў

Служэнне біскупа не прадугледжвае незалежнасці ад Божага народа, але здольнасць збіраць дары, якія пасылае Святы Дух, адзначалася на тэалагічна-душпастыскім форуме, які прайшоў у рамках Сінода.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Увечары 9 кастрычніка 2024 года касцёльныя іерархі, тэолагі, эксперты ў кананічным праве, гісторыкі і душпастыры бралі ўдзел у дыскусіях на тэму Ролі і аўтарытэту біскупаў у Касцёле сінадальным. Сустрэча адбылася ў актавай зале Папскага патрыстычнага інстытута Аўгустыніянум.

Падчас першага дакладу, які зачытаў прафесар Карлас Марыя Галі з Аргенціны, акрэсліваючы біскупаў “братамі” і “сябрамі”, адзначалася, што біскупы пакліканы быць часткай “Божага народа” і служыць Касцёлу, кіруючыся прыкладам Хрыста, які “кіраваў праз служэнне”.

Навуковец заўважыў, што галоўныя функцыі біскупаў – гэта “абвяшчэнне і сведчанне”, а таксама распазнаванне “харызматаў людзей і супольнасцей у святле евангелізацыйнай місіі”. Тэолаг нагадаў, што біскупы не валодаюць “паўнатой харызматаў”, таму павінны ўмець дэлегаваць некаторыя функцыі і прызнаваць свае памылкі. На яго думку, біскупы павінны мець не толькі душпастырскіх дарадчыкаў, але і тэалагічных.

Іншы ўдзельнік форума, кардынал-намінант Рабэрта Рэполе, арцыбіскуп Турына, нагадаў, што служэнне біскупа не прадугледжвае незалежнасці ад Божага народа, даверанага яму. Ён пагадзіўся з прафесарам Галі адносна таго, што біскуп пакліканы збіраць дары, якія пасылае Святы Дух. Іерарх падкрэсліў важнасць Другога Ватыканскага Сабора, на якім былі выразна акрэслены тры фундаментальныя заданні служэння пасвячаных асоб: абвяшчэнне, цэлебрацыя і пастырскае кіраванне.

Сястра Глорыя Ліліяна Франка Эчевэры, старшыня Лацінаамерыканскай канфедэрацыі законніц (CLAR), у сваю чаргу, адзначала важнасць малітвы біскупаў аб ласцы наследавання стылю Хрыста. Яна казала пра неабходнасць большага ўдзелу кіраўнікоў дыяцэзій у душпастырстве. Біскупы павінны добра ведаць рэаліі сваёй супольнасці, быць гатовымі вучыцца, падтрымліваць і будаваць сеткі адносін з людзьмі, - адзначала манахіня.

Ксёндз Матэа Візіёлі, выкладчык Папскага грыгарыянскага ўніверсітэта, спецыяліст у сферы абароны непаўналетніх, казаў пра важнасць здольнасці біскупа ажыццяўляць калектыўнае кіраванне, “без тэндэнцыі да манархіі”; перадачы некаторых функцый у кіраванні Касцёлам адпаведным для гэтага задання ахрышчаным вернікам; а таксама ўмення здзейсняць служэнне ў духу празрыстасці і несці адказнасць за свае дзеянні.
 

10 кастрычніка 2024, 09:38