Папа прыняў на аўдыенцыі старшыню Еўрапейскага парламента

25 кастрычніка 2024 года Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі ў Ватыканскім апостальскім палацы старшыню Еўрапейскага парламента Раберту Мецолу.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

Зала Друку Апостальскай Сталіцы не паведамляла дэталяў перамоў. Вядома, што сустрэча працягвалася больш за 30 хвілін.

На заканчэнне аўдыенцыі адбыўся традыцыйны абмен падарункамі, падчас якога Папа ўручыў сваёй госці некалькі асобнікаў спецыяльных выданняў сваіх дакументаў, у тым ліку сёлетняга паслання на Сусветны дзень міру, а таксама тэракотавую скульптурную кампазіцыю з выявай святога Францішка Асізскага. Мастацкі твор пад назвай Пяшчота і любоў, натхнёны яго заклікамі да любові і аховы стварэння. 

Раберта Мецола падарыла Святому Айцу невялікую дэкаратыўную талерку з парцэляны, упрыгожаную выявай фрагмента партытуры Гімна радасці Людвіга ван Бетховена, які з’яўляецца афіцыйным гімнам Еўрапейскага саюза.

У рамках візіту ў Ватыкан палітык сустрэлася таксама з кардыналам П'етра Паралінам, Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці Папы.
 

26 кастрычніка 2024, 11:35