Святы Пасад: гібель мірнага насельніцтва – не спадарожны ўрон
Аляксандр Панчанка - Vatican News
Арцыбіскуп Этарэ Балестрэра выступіў на 34-й Міжнароднай канферэнцыі Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, падкрэсліваючы недапушчальнасць таго факту, што сапраўднымі ахвярамі вайны і гвалту з’яўляюцца “бежанцы, бацькі, якія згубілі сваіх дзяцей, пажылыя і хворыя людзі, якія не могуць атрымаць належны ім дагляд, дзеці, якія атрымліваюць калецтвы і пазбаўляюцца дзяцінства”.
Прадстаўнік дыпламатыі Апостальскай Сталіцы назваў “крайне трывожным тое, што нягледзячы на строгі абавязак адрозніваць ваенныя і грамадзянскія мэты, не існуе ні воднага канфлікту, які б так ці інакш не заканчваўся б невыбарачнымі нападамі на мірнае насельніцтва”. Войны, якія працягваюцца ва Украіне і не Блізкім Усходзе, “з’яўляюцца двума яскравымі прыкладамі гэтай суровай рэальнасці”, - дадаў іерарх.
Арцыбіскуп Балестрэра нагадаў на буйной міжнароднай арэне словы Папы Францішка пра тое, што “вайна – гэта правал палітыкі і чалавечнасці, ганебная капітуляцыя, паражэнне перад сіламі зла”, а “забітыя мірныя жыхары ніколі не могуць лічыцца спадарожным уронам”. Прадстаўнік Святога Пасаду рашуча асудзіў той факт, што годнасць чалавека парушаецца “ў імя ваенных ці палітычных патрабаванняў”.
Спасылаючыся на 75-годдзе Женеўскіх канвенцый, нунцый заклікаў выкарыстаць гэты юбілей, каб “умацаваць прыхільнасць захаванню гуманітарнага права”. Абавязацельствы, якія выконвае Чырвоны Крыж і Чырвоны Паўмесяц, гэта “бачны знак таго, што братэрства магчыма” заўсёды, нават падчас такіх страшных канфліктаў, як цяперашні, дадаў арцыбіскуп Этарэ Балестрэра.