Павел VI падчас выступлення на Генеральнай Асамблеі ААН у 1965 годзе Павел VI падчас выступлення на Генеральнай Асамблеі ААН у 1965 годзе  

Святы Пасад у ААН: 60-годдзе статусу Пастаяннага назіральніка

Кардынал П’етра Паралін, Дзяржаўны сакратар Яго Святасці Папы, прыняў удзел у святкаванні 60-годдзя прысутнасці Апостальскай Сталіцы ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у якасці Пастаяннага назіральніка.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

У рамках юбілею, які адзначаўся 30 верасня 2024 года, бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца ўзначаліў урачыстую літургію ў касцёле Святой Сям’і ў Нью-Ёрку, у якой бралі ўдзел члены дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры ААН, і сябры Пастаяннай місіі Апостальскай Сталіцы. Пасля Імшы адбыўся ўрачысты прыём.

Кардынал Паралін нагадаў, што сэнс і прычына прысутнасці Святога Пасаду ў ААН заключаецца ў рэалізацыі хрысціянскага паклікання бараніць годнасць самых слабых і служыць тым, хто не мае права голасу.

Іерарх заўважыў, што Святы Пасад прысутнічае ў ААН як назіральнік, але ён не проста пасіўна сочыць за развіццём падзей ці выступае як палітычная сіла, якая імкнецца да ўлады і ўплыву, а выступае як маральны голас, які заахвочвае да міру, справядлівасці і павагі да чалавечай годнасці.

Дзяржаўны сакратар заўважыў, што праз сваю 60-гадовую прысутнасць у ААН Святы Пасад абараняе чалавечую годнасць, правы чалавека, асабліва самае фундаментальнае з усіх правоў – права на жыццё; выступае за сацыяльную справядлівасць і эканамічнае развіццё, заахвочвае клапаціцца пра навакольнае асяроддзе; заклікае бараніць безабаронных і забытых: мігрантаў, бежанцаў і перамешчаных асоб.

Місія Апостальскай Сталіцы прапануе міжнароднай супольнасці мудрасць Касцёла, які з’яўляецца “экспертам у чалавечнасці”, нагадаў кардынал Паралін словы святога Паўла VI, які 4 кастрычніка 1965 года стаў першым Папам у гісторыі, які наведаў сядзібу ААН у Нью-Ёрку і выступіў перад Генеральнай Асамблеяй.

Святы Пасад мае стасус Пастаяннага назіральніка пры ААН з 6 красавіка 1964 года. Першым прадстаўніком ватыканскай дыпламатыі пры гэтай міжнароднай арганізацыі быў мансеньёр Альберта Джованэці. Ён займаў пасаду Назіральніка да 1973 года, а пра ўласны досвед расправёў у кнізе ўспамінаў Шкляны палац (Il Palazzo è di Vetro).

За 60 гадоў двухбаковых адносін паміж Апостальскай Сталіцай і ААН сядзібу гэтай арганізацыі ў Нью-Ёрку Папы наведвалі пяць разоў: у 1965 годзе – Павел VI, у 1979 і 1995 – Ян Павел ІІ, у 2008 – Бэнэдыкт XVI і ў 2015 – Францішак.
 

01 кастрычніка 2024, 12:12