2019.01.08 Prostituzione, tratta donne, rapimento, maltrattamento, tortura, schiavitù donna

Святы Пасад у ААН: абараніць жанчын ад гвалту і эксплуатацыі

Змагацца з распаўсюджваннем прастытуцыі і парнаграфіі, мацярынскай смяротнасці і сурагатнага мацярынства, заклікаў у ААН Пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы.

Аляксандр Панчанка - Vatican News

9 кастрычніка 2024 года арцыбіскуп Габрыэле Кача, выступіў на пасяджэнні Трэцяга камітэту 79-сесіі Генеральнай асамблеі ААН, прысвечаным тэме абароны правоў жанчын. Дыпламат заўважыў, што “прызнаючы дасягнуты прагрэс, мы павінны працягваць змагацца з усімі негатыўнымі стэрэатыпамі, якія пазбаўляюць жанчын і дзяўчын роўных магчымасцей”. (ПОЎНЫ ТЭКСТ)

Прадстаўнік Святога Пасаду нагадаў пра “атрутны хмызняк” гвалту над жанчынамі, “які паражае наша грамадства і павінен быць вырваны з коранем”. Ён адзначыў, што жанчыны складаюць 60 працэнтаў ахвяр гандлю людзьмі і пераважную большасць ахвяр гандлю людзьмі з мэтай сексуальнай эксплуатацыі, уключаючы прастытуцыю і парнаграфію, якія дазваляюць атрымліваць вялікі прыбытак ад насілля над жанчынамі і дзяўчынамі.

Дыпламат падкрэсліў, што перавод парнаграфіі і прастытуцыі ў законнае поле “ні ў якім выпадку не перашкодзіць бесчалавечным і прыніжальным адносінам да жанчын”, таму прапановы рухацца ў гэтым напрамку “выклікаюць трывогу і з’яўляюцца рэгрэсіўнымі”. Арцыбіскуп Кача заклікаў сур’ёзна заняцца ліквідацыяй карэнных прычын, што павінна прадугледжваць барацьбу з беднасцю, забеспячэнне ўсеагульнай адукацыі і ўмацаванне інстытута сям’і, а таксама працу па выкараненні запыту, які сілкуе эксплуатацыю жанчын і дзяўчын.

Ватыканскі дыпламат звярнуў увагу на спыненне прагрэсу ў сферы барацьбы з мацярынская смяротнасцю. Многія базавыя медыцынскія паслугі становяцца недаступнымі для шматлікіх жанчын, якія жывуць у галечы, у той час як усё больш і больш рэсурсаў вылучаецца на перарыванне цяжарнасці і рэалізацыю мальтузіянскіх тэорый, накіраваных на скарачэнне насельніцтва планеты, - зазначыў ён.

Папскі прадстаўнік назваў яшчэ адной формай эксплуатацыі жанчын сурагатнае мацярынства, якое становіцца ўсё больш распаўсюджаным у апошнія гады. “Сурагатнае мацярынства – гэта непрымальная камерцыялізацыя выключнай здольнасць жанчын да мацярынства” і ўяўляе сабой “грубае парушэнне годнасці жанчыны і маці, заснаванае на выкарыстанні сітуацый, звязаных з матэрыяльнымі патрэбамі маці”, - сказаў ён, нагадваючы словы Папы пра патрэбу ў забароне гэтай практыкі.

Арцыбіскуп Кача падкрэсліў, што адукацыя – гэта ключавы фактар, які дазваляе жанчынам і дзяўчынам развіваць свае таланты і рэалізоўваць свой патэнцыял у грамадстве. “Адукацыя павінна быць даступнай жанчынам і дзяўчынам нароўні з мужчынамі і хлопцамі, што будзе садзейнічаць павазе чалавечай годнасці кожнага чалавека”, - дадаў прадстаўнік Святога Пасаду ў ААН, нагадваючы таксама пра важную ролю жанчын у вырашэнні канфліктаў і пераадоленні беднасці.
 

10 кастрычніка 2024, 11:07